Па даручэнні А. Лукашэнкі пачата праца па стварэнні музея народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Музей будзе адчынены на базе лецішча Быкава ў Ждановічах-6 Мінскага раёна, паведамілі ў Міністэрстве культуры.

У гэтых мэтах 27 ліпеня прынята пастанова ўрада, у адпаведнасці з якой лецішча бясплатна перададзена Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасць дзяржавы.

«Гэты дзень з’яўляецца адпраўной кропкай у справе ўвекавечання памяці пісьменніка і захавання яго творчай спадчыны», — падкрэслілі ў Мінкультуры.

Музей ствараецца як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На працягу 2012–2014 гадоў будзе праведзены капітальны рамонт лецішча Васіля Быкава з яго прыстасаваннем пад музейную ўстанову, а таксама будзе добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, створаны камфортныя ўмовы для наведвальнікаў.

Адначасова па даручэнні Лукашэнкі супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры вядуць навуковую апрацоўку архіва Васіля Быкава і асабістых рэчаў пісьменніка, якія знаходзяцца ў яго кватэры і на лецішчы. Гэтыя прадметы і дакументы складуць аснову экспазіцыі музея пісьменніка, стварэнне якой плануецца ажыццявіць у 2013–2014 гадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?