Як паведаміла начальнік прэс-службы БДУ Вольга Шчадрына, рэкамендацыі Міністэрства адукацыі адносна кошту навучання ўніверсітэт ужо атрымаў і цяпер вядзе яго разлік для кожнай канкрэтнай спецыяльнасці.

Цэны на навучанне ў 2012/2013 навучальным годзе плануецца аб’явіць 30–31 ліпеня.

У аддзеле платных адукацыйных паслуг бухгалтэрыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта таксама паведамілі, што новых цэн на навучанне «пакуль няма».

На сайце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі размешчана аб’ява: «Новыя цэны на платнае навучанне з 1 верасня 2012 года па ўсіх формах навучання ў БДУІР узгадняюцца з Міністэрствам адукацыі і будуць даведзеныя найбліжэйшым часам».

Новых цэн на навучанне пакуль няма і на сайтах іншых вядучых беларускіх ВНУ:
Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Між тым, як паведамляе сайт Мінадукацыі, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч 26 ліпеня заявіў, што цэны на навучанне студэнта-першакурсніка павінны быць аб’яўленыя ВНУ Беларусі ў той жа дзень — 26 ліпеня. Паводле яго слоў, у сярэднім навучанне аднаго студэнта-бюджэтніка ў ВНУ абыходзіцца дзяржаве да 18 млн. рублёў.

«ВНУ Беларусі сумесна з зацікаўленымі ведамствамі вядуць максімальна ўзважаную палітыку адносна платы за навучанне. Сёлета ў затраты на навучанне, якія абавязаныя будуць кампенсаваць першакурснікі-платнікі, увойдуць затраты на зарплату выкладчыцкага складу, вучэбныя і камунальныя расходы, бібліятэчныя навінкі і г.д.», — сказаў Маскевіч. Ён таксама нагадаў, што сёлета ўсім абітурыентам, у тым ліку тым, хто будзе вучыцца на бюджэце, прапанавана заключыць дагаворы на навучанне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?