У чарговым лісьце ад лідэра Маладога Фронту распавядаецца пра новыя ўмовы працы Зьмітра Дашкевіча:

«Прыязджалі два шклоўскія чэкісты па справе Хведарука і Корбана, цікавіліся пра іх і Палажанку... Паказаньні даваць адмовіўся, спасылаючыся на тое, што яны могуць нанесьці шкоду мне й маёй сям’і.

Пасьля таго, як у Нэце зьявіліся артыкулы пра тое, што мне сядзіцца тут добра, перавялі мяне ў іншы атрад і загадалі паставіць на самую цяжкую работу. Працую на пілараме, з 8‑мі ранку да 18‑ці, шэсьць дзён на тыдзень.

Асуджаных, якія мне дапамагаюць, пачалі саджаць па загадзе начальства ў ізалятар. Ужо тры чалавекі сядзіць, і, думаю, на гэтым ня спыніцца. І самае кепскае тое, што амністыя ім ня сьвеціць. Уяўляеце сабе? — пагаварыў пару разочкаў з Дашкевічам і сядзі лішні год.

Таксама мяне ўчора атэставалі як «злоснага парушальніка рэжыму», каб адмовіць у вызваленьні на ІТР. Што і ня дзіўна. Але ў адчай не ўпадаю. Ёсьць нейкае ўнутранае перакананьне, што пабачымся раней, чым праз 360 дзён!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0