28 кастрычніка ва Украіне пройдуць выбары ва ўкраінскі парламент — Вярхоўную Раду. Палітолагі чакаюць, што Партыя рэгіёнаў захавае большасць. Але апазіцыя здольная на сюрпрызы. Яна ідзе на выбары ў новым фармаце.

Рэйтынгі палітычных сілаў Украіны ад розных сацыялагічных агенцтваў.

Рэйтынгі палітычных сілаў Украіны ад розных сацыялагічных агенцтваў.

Арсень Яцанюк, Аляксандр Турчынаў з «Бацькаўшчыны» і кіраўнік нацыяналістаў Алег Цягнібок.

Арсень Яцанюк, Аляксандр Турчынаў з «Бацькаўшчыны» і кіраўнік нацыяналістаў Алег Цягнібок.

Заўважым, што ва Украіне цяпер дзейнічае змяшаная выбарчая сістэма. Палову з 450 дэпутатаў Вярхоўнай Рады абіраюць у аднамандатных (мажарытарных) акругах, а другая палова напаўняецца ў выніку галасавання за партыйныя спісы. Прахадны бар’ер для партый складае 5%.

Электаральна Украіна падзеленая на дзве часткі: цэнтральна-заходнюю — пераважна ўкраінамоўную, еўрапейска-арыентаваную, і паўднёва-ўсходнюю — пераважна расійскамоўную, з вялікай колькасцю прыхільнікаў розных формаў супрацоўніцтва ды інтэграцыі з Расіяй. «Нейтральных» партыяў цяпер практычна няма.

Адзіным «Фронтам» за «Бацькаўшчыну»

Паводле фактычна ўсіх апытанняў, цяпер лідарам электаральных сімпатыяў ўкраінцаў з’яўляецца аб’яднанне дзвюх найбуйнейшых апазіцыйных партыяў. У кааліцыю ўвайшлі «Бацькаўшчына» на чале са зняволенай Юліяй Цімашэнкай, і «Фронт зменаў» колішняга кіраўніка Вярхоўнай Рады Арсеня Яцанюка.

Абедзве партыі ўваходзяць у так званы «Камітэт супраціву дыктатуры», па-ўкраінску КОД. Разам з яшчэ адным сябрам КСД, Усеўкраінскім аб’яднаннем «Свабода», партыі выставілі ўзгодненых кандыдатаў па ўсіх 225 акругах краіны, з іх 190 ад «Бацькаўшчыны» і 35 — ад нацыяналістаў з УА «Свабода».

Паводле закона, удзел у выбарах маюць права браць толькі партыі, а не выбарчыя блокі. Таму аб’яднанне ідзе на выбары пад шыльдай «Бацькаўшчыны». Сацыёлагі даюць такому аб’яднанаму спісу першае месца і каля 25–28% падтрымкі. Да кааліцыі «Бацькаўшчыны» далучыліся шматлікія дробныя партыі ліберальнага і нацыянал-дэмакратычнага кірунку. Так, адным з першых у спісе стаіць колішні міністр абароны Анатоль Грыцэнка.

За «дэмакратаў», як называюць ў СМІ гэтае аб’яднанне, галасуе збольшага цэнтральная і заходняя Украіна.

Партыя рэгіёнаў: стаўка на мажарытарныя акругі

Калісьці самая папулярная партыя, якая яшчэ 2 гады таму на хвалі перамогі Януковіча мела 45% падтрымкі, цяпер страціла амаль палову прыхільнікаў. Сацыёлагі прагназуюць «рэгіяналам» другое месца і 23–28% галасоў. Не дапамагло Партыі рэгіёнаў і аб’яднанне з «Моцнай Украінай» — партыяй бронзавага прызёра выбараў 2010 года, а цяпер віцэ-прэмер-міністра Сяргея Цігіпкі.

Цяжкі стан украінскай эканомікі, гучныя палітычныя справы супраць Цімашэнкі ды колішняга міністра ўнутраных справаў Юрыя Луцэнкі, рост цэнаў на прадукты і жыллёва-камунальныя паслугі, праблемы ў адносінах паміж Украінай з ЕС і ЗША — толькі малая частка таго, у чым вінавацяць партыю ўлады.

Нягледзячы на гэта, Партыя рэгіёнаў кантралюе ўрад, большасць ў Вярхоўнай Радзе, пост прэзідэнта, большасць мясцовых радаў, апрача заходняй Украіны, і мясцовыя дзяржаўныя адміністрацыі. Раздробленасць дэмакратычнага ды нацыяналістычнага электарату грае на карысць «рэгіяналам». Менавіта таму ПР мае нядрэнныя шанцы сур’ёзна палепшыць свае вынікі на выбарах за кошт мажарытарных акругаў і далейшага зваблівання ва ўладную кааліцыю беспартыйных дэпутатаў-бізнэсоўцаў і перабежчыкаў з «Бацькаўшчыны» ці УДАРу.

Партыя рэгіёнаў выступае за падвышэнне статусу расійскай мовы ва Украіне. Фактычна, за 2 гады кіравання Януковіча расійская мова яшчэ больш узмацніла свае пазіцыі ў СМІ, часткова ў адукацыі. З кожным годам колькасць расійскамоўных праграмаў па тэлебачанні павялічваецца, расійская мова цяпер выкарыстоўваецца ў судовай, рэкламнай сферы, у пракаце фільмаў. А зусім нядаўна ПР прыняла ў Вярхоўнай Радзе закон «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі», паводле якога ўкраінская мова фактычна страчвае статус адзінай дзяржаўнай мовы на большай частцы тэрыторыяў краіны, у тым ліку ў сталіцы, Кіеве. Але праз масавыя акцыі пратэсту, парушэнне працэдуры галасавання і адмову спікера Вярхоўнай Рады Уладзіміра Літвіна падпісваць дакумент закон пакуль не ўступіў у сілу. У далейшым ПР плануе ўвядзенне расійскай як другой дзяржаўнай мовы ва ўсёй Украіне. З іншага боку, не усе «рэгіяналы» падтрымліваюць такую пазіцыю. Так, напрыклад, дэпутаты ад ПР з Галіччыны, галасавалі супраць.

Электаральна ПР мае найбольшую падтрымку на Данбасе і ў Крыме, меншую — у астатніх рэгіёнах поўдня ды ўсходу. Яшчэ менш ПР падтрымліваюць у цэнтры Украіны, а найбольш «не любяць» — на захадзе.

УДАР. Пытанне, па кім?

За апошнія месяцы сур’ёзны рост электаральных сімпатыяў дэманструе партыя вядомага ўкраінскага баксёра Віталя Клічко, якае мае назву «Украінскі дэмакратычны альянс за рэформы», УДАР. Партыя выйшла на стабільнае трэцяе месца недзе з 10% падтрымкі, прычым істотна вышэйшую падтрымку УДАР мае сярод моладзі.

УДАР не браў удзелу ва ўзгадненні кандыдатаў ад аб’яднанай апазіцыі і высунуў сваіх кандыдатаў ва ўсіх мажарытарных акругах. Таксама да партыі ёсць прэтэнзіі ў тым, што яе дэпутаты ў мясцовых радах часта аказваліся гэтак званымі «тушкамі»-то бок перабежчыкамі ў Партыю рэгіёнаў.

Ідэалагічна УДАР — вельмі размытае ўтварэнне. Галоўную ролю ў ім мае фігура самога Клічко. Нягледзячы на тое, што сам ён расійскамоўны, Клічко выказаўся супраць надання расійскай мове статусу другой дзяржаўнай і «моўнага» закона ад ПР.

Камуністы: за двума зайцамі?

На чацвёртым месцы ў рэйтынгах ідуць камуністы. На апошніх парламенцкіх выбарах КПУ атрымала 5,4%. Цяпер паводле розных ацэнак, за іх гатовыя прагаласаваць ад 7% да 10% выбаршчыкаў. Пераважна, гэта расчараваныя Януковічам.

Пэўны рост КПУ тым больш дзіўны, што партыя, дэ-факта, зьяўляецца партнёрам Партыі рэгіёнаў, камуністы галасавалі за прызначэнне ўраду Азарава. Не зважаючы на гэта, КПУ пазіцыянуе сабе як апазіцыйную да Януковіча партыю, але, у адрозненне ад ФЗ, «Бацькаўшчыны», «Свабоды», УДАРу, — як апазіцыю прарасійскую. Камуністы паслядоўна выступаюць за наданне расійскай мове дзяржаўнага статусу, а сярод Партыі рэгіёнаў, як вядома, адзінства ў гэтым пытанні няма.

Нягледзячы на пэўны рост, разлічваць на павелічэнне колькасці мандатаў камуністам не варта: у 2007 выбары адбываліся паводле прапарцыйнай сістэмы, а цяпер палова дэпутатаў будзе абраная ў акругах, і наўрад ці камуністы здолеюць хоць дзесьці перамагчы.

Традыцыйна за КПУ галасуюць людзі старэйшага ўзросту. Партыя мае больш-менш роўную геаграфію падтрымкі, апрача заходняй Украіны, дзе камуністаў традыцыйна не падтрымліваюць.

Фактычна камуністы падтрымліваюць усе найважнейшыя для Януковіча рашэнні ў Вярхоўнай Радзе, маюць сваіх прадстаўнікоў у выканаўчай уладзе, але імкнуцца пазыцыянаваць сабе як апазіцыю.

«Свабода»: фракцыя нацыяналістаў у парламенце?

Усеўкраінскае аб’яднанне «Свабода», якое на мінулых выбарах атрымала 0,76% падтрымкі, цяпер мае рэальныя шанцы прайсці 5-адсоткавы бар’ер і сфармаваць першую за дзесяцігоддзе нацыяналістычную фракцыю ў Вярхоўнай Радзе. Паводле апытанняў, за нацыяналістаў прагаласуе ад 4,3% да 5,7% выбарцаў. Партыя ўвайшла ў парасонавую кааліцыю КОД і атрымала 35 з 225 мажарытарных акругаў паводле вынікаў перамоваў з «Бацькаўшчынай», але будзе ісці самастойным партыйным спісам, бо каля траціны выбарцаў «Свабоды» і каля 10% ліберальных выбарцаў «Фронту зменаў» ды «Бацькаўшчыны» не галасавалі б за такое мегааб’яднанне з ідэалагічных меркаванняў. Лічыцца, што пры паходзе на выбары дзвюма калонамі — ліберальнай і нацыяналістычнай — апазіцыя здолее атрымаць больш галасоў.

Традыцыйна за нацыяналістаў галасуе збольшага заходняя Украіна, хаця апошнім часам партыя здабывае ўсё большую падтрымку і ў цэнтры, і нават на ўсходзе. Напрыклад, на давыбарах у харкаўскую абласную раду кандыдат ад партыі атрымаў 10% галасоў. Пераважна партыю падтрымлівае моладзь, ды і сама партыя вельмі маладая.

Ідэалогіяй партыі з’яўляецца ўкраінскі нацыяналізм. Апрача моўна-культурных патрабаванняў партыя робіць акцэнт і на барацьбу за сацыяльныя ды эканамічныя правы ўкраінцаў. «Свабода» — адзіная апазіцыйная партыя, якая мае сваіх кіраўнікоў абласных радаў: у Івана-Франкоўскай, Львоўскай і Тарнопальскай абласцях.

«Свабода» цікавая для беларускага чытача яшчэ й тым, што партыя супрацоўнічае з беларускай дыяспарай ва Ўкраіне і палітычнымі эмігрантамі. Напрыклад, партыя праводзіла пікетаванне беларускай амбасады ў Кіеве да 25 Сакавіка. У замежнай палітыцы нацыяналісты выступаюць, у прыватнасці, за ўтварэнне Балцка-чарнаморскага саюза — у процівагу як Расіі, так і ЕС.

А што астатнія?

Ёсць ва Украіне такая з’ява як «партыя адных выбараў». Гэта аб’яднанні, якія спансаруюцца алігархамі для рэалізацыі пэўных перадвыбарных задач. У свой такую ролю адыграла Партыя зялёных, пасля сацыял-дэмакраты, «Моцная Украіна», партыя «Азімага пакалення». Цяпер падобны феномен — угрупаванне Наталлі Каралеўскай «Украіна, наперад!» сацыёлагі сёння даюць ёй 3–4%. Гэта свайго роду аналаг «УДАРу», толькі са стану Януковіча.

«Народная партыя» нязменнага кіраўніка Вярхоўнай Рады Уладзіміра Літвіна, паводле звестак сацыёлагаў, гэтым разам акажацца за бортам. Сам Літвін, хутчэй за усё, будзе балатавацца па аднамандатнай акрузе на роднай Жытоміршчыне. Літвін — «стары» палітык, ён сфармаваўся яшчэ за прэзідэнцтвам Леаніда Кучмы, Адміністрацыю якога ў свой час узначальваў. Электарат Літвіна — гэта пераважна вёска цэнтральнай Украіны. Партыя Літвіна была фактычна апошняй з буйных «нейтральных» партыяў ва ўкраінскім канфлікце паміж усходам і захадам.

Возьмуць удзел і зусім малапапулярныя партыі: «Наша Украіна» Юшчанкі, сацыялісты колішняга галавы Вярхоўнай Рады Аляксандра Мароза, прагрэсіўныя сацыялісты, зялёныя, Кангрэс украінскіх нацыяналістаў і шмат іншых.

Post Scriptum

Агулам, перавага апазіцыйных настрояў ў грамадстве відавочная. Аднак Партыя рэгіёнаў надзейна кантралюе адміністрацыйны апарат і мае агромністую перавагу ў фінансавых рэсурсах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?