У сакавіку памёр Жан Бадрыяр – крытык постмадэрнае цывілізацыі, філёзаф сымулякраў і гіпэррэальнасьці.
15 красавіка 1996 году я быў сьведкам выступу Жана Бадрыяра ў Францускім гуманітарным каледжы, што пры Маскоўскім Унівэрсытэце. Падаю кароткі канспэкт лекцыі – і апісаньне таго, як яна праходзіла...
***
Аўдыторыя гуманітарнага факультэту забітая пад завязку. Людзі сядзяць на прыступках. Сам Бадрыяр – жвавы й маладжавы дзядзька, чакае пакуль яго афіцыйна прадставяць гаспадары.
Выступае расейскі філёзаф Міхаіл Рыклін: “Бадрыяр распачаў з крытыкі марксавай тэорыі знакаў, адылі працаваў з праблематыкай вобразаў масавай культуры (твор “Пра спакушэньне”). Словы “сымулякар” і “гіпэррэальнае” – гэта з працаў Бадрыяра.” Заля ажыўляецца. Усе прагнуць “сымулякраў” і “гіпэррэальнага”. Хтосьці кідаецца да Бадрыяра з пытаньнем, але госьць жэстам спыняе яго.
Тэма лекцыі зусім не сымулякры.
Горад і гвалт
Напачатку Бадрыяр прыгадвае фільм “Нянавісьць” Мэцью Касовіца пра гвалт у францускіх прыгарадах (праз 10 гадоў падзеі фільму выбухнуць рэальнасьцю).
“Гэта жорсткасьць без матывацыі, нянавісьць як безаблічны сацыяльны факт – гэта адкіданьне элемэнтаў насельніцтва па-за грамадзтва; канцэнтрацыя насельніцтва ў гарадах, штучная мадэль сьвету, дэцэнтралізацыя і штучная пабудова.
Сьвет сам – як адкід. Але ня толькі сьмецьце прамысловае, уся біясфэра – як адкіды.
Гісторыя поўніцца карзінамі са сьмецьцем, адкіданьне – у масавых камунікацыях.
Супэрмаркет разбурае ўсё, што было раней, вакол ствараецца нібыта пустыня, інфармацыйная, маральная, інтэлектуальная, зь міліёнамі беспрацоўных.
Гарады-прывіды аднаўляюць сябе як трэш-адкіды, і ўжо не праца аднаўляе капітал, а капітал – працу. Так растуць валасы й пазногці пасьля сьмерці.
Наша грамадзтва лекуецца сьмецьцем, грамадзтвы самі сябе адкідаюць; мэгаполісы – у мітрэнзе й клопаце. Адбываецца не інтэграцыя гораду, а дэзынтэграцыя гораду – і татальны абмен адкідамі.
Маргінальныя групы спрабуюць жыць, але гэта жыцьцё паразытычнае, жыцьцё ў адкідах.
Машыны выпускаюць – іх выкідаюць на сьметніцы, эрозія захоплівае горад.
Культура перакрэсьліваецца, адмаўляецца – і самай распаўсюджанай формай гэтага адмаўленьня становіцца банальнасьць.
Спусташэньне; горад стаўся музэем. І як яскравы прыклад агульнае трэшызацыі – гісторыя з цэнтрам Бабур. Там была выстава, прысьвечаная сьмецьцю, але гэтая выстава прыпала на страйк… сьмецьцяроў. Сьмецьце ў горадзе не вывозілася, яно расьцярушвалася, адкладалася – і напоўніцу супадала з арт-выставаю.
Сьмецьце канцэнтруецца, разбураюцца структуры, назапашваецца крытычная маса – як у ядравай бомбе й Чарнобылі.
Трэба ўзважаць на крытычную масу: ужо ня мы, маса, асэнсоўваем сябе, а сьвет асэнсоўвае нас, не суб’ект асэнсоўвае аб’ект, а аб’ект асэнсоўвае суб’ект. Трэба выкарыстоўваць канцэпцыю крытычнай масы – што з намі сталася на мяжы, на крытычнай мяжы, і што стаіць за мяжою? Канцэпцыя крытычнай масы дапаможа гэта зразумець.
Існаваньне людзей у гарадзкой прасторы – гвалт, гэта супярэчыць сацыяльным чыньнікам, зьяўляецца, нарастае й назапашваецца крытычная маса, што прыводзіць да катастрофы (і адбіваецца ў гуманітарных навуках).
Ёсьць зваротнае сьцісканьне й выбух, інфармацыя самазьнішчаецца – ад празьмернасьці інфармацыі.
Гэта іншая фаза. Інтэнсіфікацыя абмену спараджае індыфэрантнасьць, кожны – спадарожнік са сваёй уласнай арбітай, сам-насам і адасоблены. Падобнае мы бачым на вялікіх аўтастрадах: на дарогах ніхто нікога не сустракае, усе едуць у адным накірунку – гэта й можа быць сучаснай камунікацыяй. Гравітацыйны рух, усе пазытыўныя жарсьці становяцца негатыўнымі альбо сыходзяць у абыякавасьць.
Сымбалічная прастора не абароненая анічым; цяжка вырашыць, дзе дабро, а дзе зло, нават арганізмы ня могуць вырашыць, што добра, а што кепска, адзіная рэакцыя – гэта адкіданьне, абарона.
Нянавісьць – як абарончая жыцьцёвая рэакцыя, нэгатыўныя пачуцьці ўзмацніліся, нэгатыўныя рэакцыі – жаданьне адкінуць, і толькі агіда мае пэўнасьць. Нават хваробы прымаюць формы адкідваньня.
Выкідваньне, як прынцып дзеяньня: выкідваньне сябе, іншых. Агіда да трансцэндэнтнай улады вядзе – і да расізму, і да банальнае абыякавасьці.
Нянавісьць злучана з пагаджальніцтвам і цесным пражываньнем. Але нянавісьць адрозьніваецца ад жорсткасьці. Жорсткасьць мае канкрэтнага ворага, а ў нянавісьці мэта адсутнічае.
Нянавісьць – як чыстая форма віртуальнага гвалту; на гэткай жа стадыі знаходзіцца й тэрарызм (у яго няма рэальнае мэты). Гэта не гістарычная жорсткасьць, а віртуальная.
Сучасная нянавісьць не зьвязаная ані з мэтай, ані з аб’ектам – ёй адпавядае сучасная гіпэррэальнасьць мэтраполій. Гэта халодная нянавісьць, бяз жарсьці й імпэту; нянавісьць – як абарончая рэакцыя.
{Ня трэба блытаць нянавісьць і потлач (марнатраўніцка-разбуральны абмен дарамі паміж першабытнымі плямёнамі). Потлач – дуальны, у нянавісьці няма дуальнасьці, нам аніхто не супрацьпастаўлены, потлач ёсьць выклік, а ў нянавісьці выкліку няма, гэта форма не выбуховая, а напапляльніцкая, як пошасьць – каштоўная бязмэтавая рэакцыя.}
Ёсьць сучасны гвалт, спароджаны самой сыстэмай, тэрапэўтычны, камунікацыйны гвалт, зьвязаны з сумесным пражываньнем. Гэта гвалт сыстэмы, якая спрабуе зьнішчыць атыпічныя выпадкі, гвалт, дзе забаронены канфлікты, па-за трансцэндэнтны гвалт, які сам кладзе канец гвалту.
Існуе фундамэнтальная праблема Іншага. Мы ўзнаўляем тоесных сабе, мы выкарыстоўваем стэрэатыпы. Нянавісьць заўжды – у дачыненьні да Іншага; Гэта, хутчэй, фанатызм да іншага. Мы кампэнсуем страту іншага штучнымі прыдумкамі; мы здагадваемся пра пачуцьці да сябе – мы ствараем сабе штучнага іншага і яго ненавідзім.
Нянавісьць – гэта згуба Іншага; спакуса таксама зьвязаная зь Іншым. Але сёньня адбываецца няўлоўнае: цяпер няма Іншага, усё Іншае зьнішчана; іншы зьнік. Зьяўляецца новая паталёгія: нянавісьць да сябе; мы разбураем самі сябе. {Адсюль расізм, як рэакцыя на самаразбурэньне: трэба знайсьці Іншага, бо чалавеку не разбурыць сябе}.
Нянавісьць мацнейшая за любоў, нянавісьць першасная.
У нянавісьці няма гісторыі, гэта канец гісторыі; нават так: не было канца гісторыі, ёсьць выйсьце за канец гісторыі; тое, што не адбылося, цяга да Канца Сьвету.
...А зараз вы можаце задаць сваё пытаньне пра антыхрыста.”
- Што вы думаеце пра камунізм, і ці лічыце вы Зюганава камуністам?
- Камунізм – гэта арыгінальная форма катастрофы; скрайні элемэнт немагчымага; узнаўленьне таго, што ўжо ня мае сэнсу, карыкатура.
- Як постмадэрніст, Вы...
- Я нібыта прадстаўнік постмадэрністаў, але я не адношу сябе да іх...
- Вы аптыміст?
- Я не спрабую выйсьці за межы пэсімізму.
- Вы расіст?
- Я не стаю ані на падмурку расізму, ані на падмурку антырасізму, я гэта адкідаю.
- Як рэкляма ўплывае на чалавека?
- Рэкляма, сродкі масавай інфармацыі... Ніхто ў гэта ўжо ня верыць, чым болей рэклямы, тым меней вераць у яе. Гэта працуе ў сілу інэрціі. Абыякавая згода. Абыякавасьць – як жарсьць.
- Як вы ставіцеся да антыхрыста?
(Бадрыяр, з усьмешкай) Цікава было бы зь ім сустрэцца й паразмаўляць... ці даслаць яму факс... Роўна, як Ісусу Хрысту...
***
6 сакавіка Жан Бадрыяр памёр.
Пра факс не гаворыцца анічога.