Калумніст «СБ» Уладзіслаў Шымаў у свежым нумары выдання разважае пра магчымыя прычыны «авіяцыйнай правакацыі». Ён лічыць, што «правакацыя ўдалася» і што гэта «трывожны званок, да якога варта паставіцца з максімальнай сур’ёзнасцю». Пры гэтым Шымаў падкрэслівае, што падобныя правакацыі — не рэдкасць.

У якасці прыкладаў ён прыводзіць збіты ў 1983 годзе карэйскі «Боінг» і прызямленне Руста на Краснай плошчы ў 1987 годзе. «Дагэтуль да канца не зразумела, што гэта было: трагічны збег абставінаў або тонка разлічаная правакацыя»,
— разважае Шымаў пра гісторыю з карэйскім самалётам.

«Плюшавую бамбардзіроўку» Шымаў лічыць «часткай інфармацыйнай вайны еўрапейцаў супраць беларускага кіраўніцтва і робіць акцэнт на аўтарстве акцыі.

«Швецыя праяўляе на першы погляд незразумелую актыўнасць на беларускім накірунку. Вельмі незвычайная фігура шведскага пасла спадара Эрыксана, які валодае беларускай мовай і актыўна яе выкарыстоўвае. Ужо адно гэта з’яўляецца яркім сведчанне павышанай цікавасці Швецыі да Беларусі», — піша Шымаў.

Далей ён адзначае аўтарства Швецыі ў стварэнні праграмы «Усходняга партнёрства». «І калі інтарэс Польшчы тут дастаткова відавочны, то здавалася б, пры чым тут далёкая Швецыя?» — задае пытанне Шымаў і тут жа дае адказ. На яго думку, маналітнасць Еўрапейскага Саюза моцна перабольшаная, а вялікія еўрапейскія дзяржавы працягваюць весці даволі самастойную замежную палітыку. Да такіх дзяржаў Шымаў адносіць і Швецыю, якую характарызуе як дзяржаву з «даўнімі імперскімі традыцыямі». На яго думку, пасля Паўночнай вайны Швецыя страціла шанец на дамінаванне ў рэгіёне і некалькі стагоддзяў паводзіла сябе «ніжэй травы».

«Аднак імперскае мінулае не знікае без слядоў, і сённяшняя геапалітычная сітуацыя дае шведскім геапалітычным амбіцыям новы шанец», сцвярджае Шымаў. Маўляў Польшча, Расія і Германія ўжо не тыя, што раней.

Нагадаем, што афіцыйна факт пралёту шведскага самалёта над Беларуссю Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў праз 22 дні пасля інцыдэнту. Да гэтага часу Мінабароны неаднаразова абвяргала гэты факт. Называлі яго грубай правакацыяй і фальшыўкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?