Адкрыццё фестывалю адбудзецца 31 жніўня. Скончыцца фестываль 3 верасня адкрыццём выставы габеленаў беларускай мастачкі Святланы Баранкоўскай у зале Аддзела літаратуры на замежных мовах Талінскай цэнтральнай бібліятэкі.

Арганізатары — Беларускі культурна-інфармацыйны цэнтр у Эстоніі і беларуская моладзевая арганізацыя МХСС «Маладыя дэмакраты». Удзельнічаць у фестывалі будуць госці з Беларусі, з іншых краін Еўропы і жыхары Эстоніі, якіх цікавіць беларуская культура. Сярод выступоўцаў будуць музыкі і пісьменнікі, дзеячы кіно і журналісты. Фестываль будзе ўяўляць сабой акт «народнай дыпламатыі» — пасланцы Беларусі знаёмяць Эстонію з сучасным культурным жыццём сваёй краіны.

Днём 31 жніўня Талін чакае незвычайная з’ява. Вуліцамі старога горада будуць шпацыраваць людзі ў залатых скафандрах і плашчах. Гэтая культурная акцыя з’яўляецца часткай фестывалю і носіць назву «Промні сонца».

Фронтмэн адкрыцця фестывалю Піт Паўлаў, лідар гурта НРМ, кажа: «Арганізатары фестывалю паведамілі мне, што ён пакуль праходзіць фармаце «чалавек з гітарай». Мне гэты фармат знаёмы, таму я саджуся ў машыну і еду да вас у Эстонію, якую я вельмі люблю. Да гэтага ў Таліне я пабываў з канцэртам у пасольстве Польшчы. Зараз я буду спяваць для публікі на беразе мора. Гэтая ідэя мне вельмі падабаецца. Нагадваю ўсім, што форма адзення — залатая.

1 верасня адбудзецца іншая акцыя ў рамках фестывалю — «Беларускі велапрабег». Удзельнікі на роварах накіруюцца з Палдыскі ў бок Таліна. Маршрут будзе пралягаць па маляўнічых месцах узбярэжжа Балтыйскага мора.

У нядзелю, 2 верасня, удзельнікі фестывалю накіруюцца ў Хельсінкі. Там будзе праходзіць першая ў гісторыі беларускай культуры экскурсія «Хельсінкі Васіля Быкава». Беларускі класік жыў у гэтым горадзе з 1997, знаходзячыся ў эміграцыі. Праводзіць экскурсію будзе фінскі сябар Быкава — жыхар Хельсінкі.

Надмагільны камень Быкава ў Мінску — валун з наваколляў Хельсінкі. Гэта знак павагі памяці пісьменніка ад муніцыпалітэта фінскай сталіцы.

Далучыцца да ўдзелу ў фестывалі можа кожны. Узнос у ганарарнай фонд складае 10 еўра. У арганізатараў можна ўзяць у арэнду палаткі і ровары. Падрабязная інфармацыя — на старонцы фестывалю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?