На 87 годзе жыцця памёр культавы амерыканскі пісьменнік і публіцыст Гор Відал.Ён сканаў у сваёй кватэры пасля перанесенага запалення лёгкіх, паведамляе Associated Press са спасылкай на пляменніка пісьменніка.
Гор Відал лічыцца класікам амерыканскай літаратуры XX стагоддзя, разам з Норманам Майлэрам і Трумэнам Капотэ.
Юджын Лютэр Гор Відал нарадзіўся ў горадзе Вэст-Пойнт штата Нью-Ёрк у 1925 годзе. Ён належаў да вядомай у ЗША палітычнай дынастыі. Сваё першае апавяданне Відал напісаў у 19 гадоў. Вядомасць Відалу прынёс апублікаваны ў 1948-м годзе раман "Горад і слуп", у якім ён адным з першых у амерыканскай літаратуры звярнуўся да праблематыкі гомасэксуальнасці.
За сваё жыццё ён стварыў 25 раманаў, асабліва вядомыя гістарычныя сагі «Лінкольн», «Віцэ-прэзідэнт Бэры», «Імперыя», «Галівуд», «Вашынгтон, акруга Калумбія» і сатырычныя творы «Майра Брэкінрыдж» і «Дулута», якія праславілі яго ў літаратурным свеце.
Гор Відал вядомы і як аўтар мноства эсэ, у якіх закранаюцца тэмы палітыкі, рэлігіі, літаратуры і сэксу.У 1993 годзе за эсэ «Злучаныя Штаты (1952-1992)» пісьменнік атрымаў Нацыянальную кніжную прэмію ЗША. Ён таксама пісаў сцэнары для брадвейскіх п'есаў.
У 1960-я і 70-я Відал быў палітычным каментатарам на тэлебачанні. Ён прытрымліваўся леваліберальных поглядаў, удзельнічаў у кампаніі супраць вайны ў Іраку, выступаў за рэлігійныя свабоды.
Пісьменнік быў сябрам такіх вядомых асобаў як Орсан Уэлс, Джэк Керуак, Марлон Брандо, Пол Ньюман, Джаан Вудвард, Фрэнк Сінатра і некалькі членаў сям'і Кэнэдзі.
Пісьменнік актыўна займаўся палітыкай, так, у 1960 годзе ён балатаваўся ў палату прадстаўнікоў ЗША ад дэмакратаў.
Ён актыўна крытыкаваў палітычную сістэму ЗША, якую ён называў «паліцыянтам дзяржавай» і якой прадказваў хуткае ператварэнне ў ваенную дыктатуру.