Прэтэндэнты ў кандыдаты ў дэпутаты, падтрыманыя кампаніяй «Гавары праўду!», правялі 1 жніўня ў Мінску агульны пікет па зборы подпісаў.

На пляцоўцы каля Камароўскага рынку яны выставілі інфармацыйныя стэнды сталічных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты, на якіх таксама была інфармацыя пра ўсіх 25 прэтэндэнтаў па Беларусі.
«Мы паказваем, што гэта каманда, якая здольная прымаць рашэнні», — заявіў на пікеце кіраўнік выбарчага штаба «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў.

Паводле яго слоў, пікет прысвечаны не толькі збору подпісаў і інфармаванню насельніцтва аб прэтэндэнтах у кандыдаты, але і аб падтрымцы лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Некляева. «Сам Някляеў не можа браць удзел у пікетах. Гэта вельмі дзіўная сітуацыя. Ён з’яўляецца членам ініцыятыўнай групы ўсіх 25 прэтэндэнтаў у кандыдаты. Нягледзячы на гэта, рашэннем суда яму забаранілі збіраць подпісы і браць удзел у перадвыбарных пікетах. Мы хочам звярнуць увагу грамадзян на тое, што адзін з самых моцных і рэйтынгавых палітыкаў, будучы на свабодзе, рэальна абмежаваны ў сваіх правах і дзеяннях», — сказаў Дзмітрыеў.

Дадатковыя абмежаванні пры адбыванні пакарання Някляевым, які быў асуджаны за падзеі 19 снежня 2010 года, суд Ленінскага раёна наклаў на палітыка 9 верасня 2011 года. Някляеву забаронена, у прыватнасці, быць арганізатарам або ўдзельнікам масавых шэсцяў, дэманстрацый, пікетаў або іншых масавых мерапрыемстваў. Ён не можа выязджаць за межы Мінска без пісьмовага дазволу праваахоўных органаў і пакідаць межы Беларусі да заканчэння тэрміну пакарання.

Падчас пікету каля Камароўскага рынку актывісты «Гавары праўду!» правялі невялікую скайп-канферэнцыю з Някляевым, які сказаў добрыя словы прэтэндэнтам у кандыдаты і заклікаў грамадзян падпісвацца за іх вылучэнне кандыдатамі.

Паводле слоў Дзмітрыева, пікет па зборы подпісаў будзе з’яўляцца на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам рэгулярна, а пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты агітацыйны пікет будзе знаходзіцца на гэтым месцы пастаянна.

Дзмітрыеў зазначыў, што такія пікеты 1 жніўня праводзяцца ва ўсіх гарадах і ва ўсіх выбарчых акругах, дзе ёсць прэтэндэнты ў кандыдаты, падтрыманыя кампаніяй «Гавары праўду!».

Супрацоўнікі праваахоўных органаў назіралі за пікетам збоку, здымалі тое, што адбываецца, на відэакамеры, але не ўмешваліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?