У фільме «Жыве Беларусь!» Анатоль Кот сыграў генерала.

У фільме «Жыве Беларусь!» Анатоль Кот сыграў генерала.

Паводле выканаўцы адной з галоўных роляў у мастацкім фільме «Жыве Беларусь!» Анатоля Ката, яму скасавалі кантракт на здымкі ў сэрыяле з працоўнай назвай «Сляды апосталаў», які распачынае дзяржаўная кінастудыя «Беларусьфільм». Падстава — удзел у «нядобранадзейным» праекце.

Першы мастацкі фільм пра сучасны беларускі супраціў здымаўся цягам лістапада-снежня 2011 года ў Польшчы. Адзін са сцэнарыстаў — грамадскі актывіст Франак Вячорка.
Ён не хавае, што ў стужцы ўвасобленыя некаторыя дэталі ягонай біяграфіі. Фільм зняты на аснове рэальных падзеяў і сабраў у сабе гісторыі і лёсы многіх людзей, якія праходзяць праз рэпрэсіі ў Беларусі. Бюджэт фільма — больш за 2 мільёны даляраў, замоўца і спонсар — Міністэрства культуры Польшчы.

Адна з рэдкіх кінастужак пра сучасную Беларусь і на беларускай мове стала раздражняльнікам для дзяржаўнага афіцыёзу.

Як расказаў выканаўца адной з роляў актор Анатоль Кот, удзел у здымках каштаваў яму кантракту з «Беларусьфільмам».

«Сапраўды, быў ужо расклад, графік, калі распачынаюцца здымкі. І ўвогуле былі дамоўленыя асноўныя моманты, уключна з тэрмінамі, засталося толькі падпісаць дамову. Але ж

затэлефанавалі з кінастудыі, было толькі адно пытанне: „Анатоль, ты здымаўся ў фільме „Жыве Беларусь!“?“
Я кажу: так, а што, нейкія праблемы? Там сказалі, што гэта насамрэч праблема, і вельмі відавочная. На самой справе смешна, дакладней — і смешна, і крыўдна, бо гэта проста невытлумачальна. Я сваім калегам тут, у Маскве, распавядаю гэтую гісторыю, дык яны спачатку гэта ўспрымаюць як жарт, а потым разумеюць, што вар’яцтва працягваецца.
Магчыма, на „Беларусьфільме“ ўжо сапраўды існуе нейкі чорны спіс, не ведаю, як гэта нават назваць, але гэта глупства такое, што проста няма слоў.
Можна гаварыць пра маю грамадзянскую пазіцыю, пра маю годнасць ці нягоднасць, пра лаяльнасць да кагосьці, але мне ўвогуле шкада, што мае калегі, якія жывуць у Беларусі, пакутуюць ад гэтага. На самой справе гэта жахліва, бо людзі займаюцца сваёй працай. А калі ты не можаш нават нічога сказаць, то дзе мы жывём?
Пра што казаць, калі людзі пляскаюць у далоні, а іх за гэта забірае міліцыя?
Можна разважаць пра гэта, але ж бачыце, нават размаўляць пра гэта ўжо небяспечна».

Анатоль Кот кажа, што сам яшчэ не бачыў змантаванай версіі фільма і вельмі здзіўлены, што на «Беларусьфільме» канчатковы варыянт не толькі паглядзелі, але і ацанілі: «На самой справе я яшчэ не бачыў стужкі. У Варшаву мяне ніхто не запрашаў, у Каны я таксама не ездзіў. Таму самому вельмі цікава было б паглядзець. Але, ведаеце,

калі існуе такая рэакцыя, якую мы маем на сённяшні дзень, то хочацца верыць, і я маю такое спадзяванне, што стужка на самой справе адбылася.
Бо калі б не адбылася, то ўсё было б ціха. Памятаеце, у нас быў такі праект „Тутэйшыя“? Не хацелася б нікога пакрыўдзіць, але гэта быў, што называецца, першы блін. І, можа, таму, што ён не зусім атрымаўся, яго не заўважылі ні ўлады, ні ўвогуле гледачы. Ну, а калі ў гэтым выпадку так заўважылі, то толькі гонар стваральнікам. Значыць, пабачылі, бо нельга ж толькі па чутках забараняць людзей. Паводле трэйлера таксама ўражання не складзеш, трэба глядзець цалкам. Таму ў мяне самога ёсць моцнае жаданне паглядзець.
І хочацца толькі пажадаць, каб людзі і далей, наколькі гэта магчыма, працягвалі верыць і ў сябе, і ў лепшыя часы і для краіны, і для сябе.
Найперш для сябе, бо калі будзе добра сабе і калі ты маеш годнасць, то і краіне будзе добра».

На кінастудыі «Беларусьфільм» не каментуюць наяўнасць так званага «чорнага спісу» забароненых актораў, называючы гэта «прыдумкай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?