Чытач «НН» Сяргей Б. мае неабходнасць у гарманальных прэпаратах кожны дзень. У яго выдалілі шчытападобную залозу. Ён мае льготы на атрыманне айчынных прэпаратаў, але набывае нямецкія лекі. Цяпер ён вымушаны набываць лекі па рэцэпце.

«Каб атрымаць яго, мушу ехаць на прыём у раённую паліклініку, а гэта няблізкі шлях. Там запатрабуюць здаць аналізы, і з імі мне давядзецца зноў ісці да доктара. У дзяржаўных паліклініках вялікія чэргі і перагружаныя дактары», — кажа чытач. Сяргей турбуецца, што з-за неабходнасці дазволу лекараў на атрыманне прэпарата ў яго могуць узнікнуць непрадбачаныя сітуацыі.

«А як доктара з нейкай прычыны не будзе на месцы? Хто мне выпіша рэцэпт? Лекі ж мне трэба прымаць штодзённа».

Чытач расказвае, што шмат разоў тэлефанаваў на «гарачую лінію» Мінаховы здароўя, але нумар увесь час быў заняты. «Мабыць, не толькі ў мяне ёсць крытычныя пытанні да міністэрства»..

Няўмольная статыстыка і аптымізм міністэрства

Ініцыятыва Мінаховы здароўя ў многіх выклікала сумненні. Нават афіцыйная статыстыка няўмольна сведчыць пра недахоп медыкаў. Толькі пасля першага года адпрацоўкі дыплома працу кідае да траціны маладых лекараў.

У міністэрстве аптымістычна кажуць, што неабходнасць атрымання рэцэптаў падвысіць загружанасць супрацоўнікаў паліклінік максімум на 15%.
Ведамства падрыхтавала і адпаведныя захады: хранічным хворым тэрмін дзеяння рэцэптаў прадоўжылі да шасці месяцаў замест аднаго. Акрамя таго, рэцэпт можна атрымаць у платных медцэнтрах. Інваліды І і ІІ групаў маюць права выклікаць доктара дамоў.

Афіцыйна

З 1 ліпеня 2012 без рэцэпта можна набыць 3279 найменняў лекавых сродкаў, што складае 61,6% лекаў ад усіх зарэгістраваных у краіне. Рэцэпт ад доктара спатрэбіцца для набыцця 1985 лекавых сродкаў. Толькі па рэцэптах цяпер можна набыць наркатычныя, псіхатропныя і моцнадзейныя сродкі; сродкі, якія прымяняюцца для лячэння эпілепсіі, псіхалагічнай і фізічнай залежнасці ад розных рэчываў, антыбіётыкі трэцяга і чацвёртага пакаленняў, інсулін, гармоны, анаболікі, некаторыя антыарытмічныя, гіпатэзіўныя і кардыятанічныя лекавыя сродкі, а таксама лекавыя сродкі, што прымяняюцца для лячэння анкалагічных хворых.

Рэцэпт праз інтэрнэт

Зусім не фантастыка. У Эстоніі, напрыклад, гэта сталая практыка. Пацыент атрымлівае рэцэпт ад доктара праз інтэрнэт на сваю ID-картку і з ёй ідзе ў аптэку. У Беларусі электронныя рэцэпты пачалі выдаваць дзве сталічныя паліклінікі. У будучыні плануецца распаўсюдзіць гэтую практыку па ўсёй краіне. А пакуль тое, у большасці мінскіх паліклінік талон да доктара можна замовіць праз інтэрнэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?