Галоўнай праблемай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі рымска?каталіцкай царквы з’яўляецца арганізацыя месцаў культу для вернікаў.

Пра гэта заявіў апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сакратар канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, біскуп Антоній Дзям’янка 3 красавіка на перадвелікоднай сустрэчы з журналістамі ў Мінску.

Паводле яго слоў, пытанне недахопу касцёлаў востра стаіць у многіх гарадах краіны, у тым ліку ў Мінску. «Вернікі дамагаюцца зацвярджэння праектаў збудавання касцёлаў у сталічных мікрараёнах Лошыца, Кунцаўшчына, Малінаўка і Уручча. Акрамя таго, абшчыны займаюцца гэтай праблемай у Маладзечне і Барысаве, Фаніпалі і Стоўбцах», — сказаў біскуп. У многіх населеных пунктах, дзе жывуць католікі, ідзе работа па афіцыйнай рэгістрацыі рымска-каталіцкіх абшчын, атрыманні зямельнага надзелу і дазволу на будаўніцтва святыні.

«На тэрыторыі Мінскай і Магілёўскай абласцей архідыяцэзія аб’ядноўвае каля 100 абшчын. Для параўнання: за гады савецкай улады колькасць абшчын скарацілася з больш чым 200 да 15, дзе вялі службу ўсяго 9 святароў», — зазначыў А.Дзям’янка. Паводле яго слоў, зараз у архідыяцэзіі працуюць 86 ксяндзоў, большасць якіх з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. «Паколькі ў архідыяцэзіі ў пасляваенныя гады адсутнічае свая семінарыя, існуе патрэба ў замежных святарах. Вось чаму ў нашых прыходах служаць 35 грамадзян Германіі, Польшчы і Украіны», — сказаў біскуп. Некаторыя абшчыны дзесяцігоддзямі чакаюць святароў. «Так, абшчыны ў Горках і Крычаве на працягу 70 апошніх гадоў не мелі свайго касцёла і ксяндза», — прывёў прыклад А.Дзям’янка.

Ён таксама паведаміў, што 14-18 чэрвеня ў Мінску пройдзе сустрэча генеральных сакратароў каталіцкіх епіскапатаў Еўропы. На такіх сустрэчах разглядаюцца найбольш актуальныя праблемы для католікаў субкантынента. «Зараз удзельнікі сустрэчы абмяркоўваюць парадак дня сустрэчы, які будзе вядомы прыкладна ў пачатку мая», — сказаў біскуп Антоній.

Марат Гаравы, БелаПАН

Фота з сайту catholic.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0