Ахоўныя канструкцыі плануецца ўстанавіць на кожнай станцыі трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна, якая цяпер праектуецца.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі 7 жніўня ў Мінску паведаміў начальнік КУП «Мінскі метрапалітэн» Расціслаў Юрэня.

Паводле яго слоў, падобныя канструкцыі, якія прадухіляюць падзенне людзей на рэйкі, устаноўлены на дзевяці станцыях метро Санкт-Пецярбурга. Пры гэтым Юрэня растлумачыў, што для абуладкавання такімі канструкцыямі станцый неабходна ўстанавіць на цягнікі сістэмы аўтакіравання, паколькі цягнік павінен спыняцца з дакладнасцю плюс-мінус 15 см. «Гэта асноўная прычына, чаму гэта нельга зрабіць цяпер і ў адзін момант», — растлумачыў начальнік метро.

Разам з тым, паводле яго меркавання, «чалавек, які задумаў самагубства, знойдзе магчымасць яго ўчыніць».
Паводле інфармацыі Юрэні, сёлета ў мінскім метро адбылося 11 падзенняў на рэйкі, з іх тры — гэта спробы суіцыду, два чалавекі загінулі. «Як правіла, яны выбіраюць момант, калі цягнік знаходзіцца за метр ад іх, і нічога зрабіць ужо немагчыма», — растлумачыў Юрэня.
Ён таксама паведаміў, што для стварэння больш камфортных умоў для пасажыраў у наступным годзе плануецца закупляць вагоны, абуладкаваныя шклопакетамі і кандыцыянерамі.
«Гэта дазволіць павялічыць камфортнасць, знізіць узровень шуму ў вагонах», — адзначыў начальнік метрапалітэна.

Акрамя таго, паводле яго слоў, на станцыях з малым пасажырапатокам эскалатары будуць забяспечвацца прыладамі рэгулявання: эскалатар пачынае працаваць, як толькі да яго набліжаецца чалавек. Юрэня таксама паведаміў, што да канца года запланавана адрамантаваць шэсць эскалатараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?