Гэта — асноватворнае пытанне, бо ад яго рашэння будзе залежаць кірунак канстытуцыйных пераўтварэнняў і ў цэлым будучыня краіны.

На дадзеным этапе ёсць чатыры варыянты развіцця канстытуцыйнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь:

1) унясенне змяненняў і дапаўненняў у канстытуцыю узору 1996 года;

2) прыняцце так званай «малой» канстытуцыі;

3) аднаўленне Канстытуцыі 1994 года і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў;

4) прыняцце новай канстытуцыі.

Першы варыянт — унясенне змяненняў і дапаўненняў у канстытуцыю ўзору 1996 года — магчымы пры ўмове, калі пасля сыходу А. Лукашэнкі пры ўладзе застануцца ягоныя прыхільнікі.
З мэтай забеспячэння пераемнасці ўлады яны могуць пагадзіцца на некаторыя касметычныя папраўкі (напрыклад, перадаць частку паўнамоцтваў ад прэзідэнта парламенту, аднавіць норму аб двух тэрмінах прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, скасаваць смяротнае пакаранне, заснаваць пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека, зрабіць больш дэмакратычным заканадаўства аб выбарах).

З юрыдычнага пункту гледжання захаванне дзеяння «лукашэнкаўскай» канстытуцыі недапушчальнае, бо яе прыняцце праводзілася з парушэннем заканадаўства аб народным галасаванні (рэферэндуме).

Прызнаваць дзеянне гэтай канстытуцыі — значыць адмовіцца ад ажыццяўлення прынцыпу падзелу ўладаў, верхавенства закона, прыярытэту прынцыпаў міжнароднага права, павагі правоў чалавека. У гэтым выпадку мяркуецца захаванне адзінаасобнай улады кіраўніка дзяржавы і жорсткай залежнасці ад яго іншых дзяржаўных органаў і службовых асоб.

Другі варыянт — прыняцце так званай «малой» канстытуцыі. Тэкст гэтай канстытуцыі быў падрыхтаваны групай юрыстаў, у тым ліку і аўтарам артыкула, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. і прыняты на 2-м Кангрэсе дэмакратычных сіл Беларусі 26 мая 2007.

Меркавалася, што ў выпадку змянення палітычнай сітуацыі «малая» канстытуцыя атрымае статус канстытуцыйнага закона пад назвай «Аб сістэме і паўнамоцтвах органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў мясцовага самакіравання» і паслужыць асновай для распрацоўкі і прыняцця новай канстытуцыі.

Канцэпцыя «малой» канстытуцыі будавалася на абмежаванні паўнамоцтваў прэзідэнта як кіраўніка дзяржавы. У той жа час у прэзідэнта заставаліся дастатковыя паўнамоцтвы для ўплыву на іншыя органы ўлады, у тым ліку на ўрад і парламент.

У адпаведнасці з названым дакументам прапаноўвалася адрадзіць аднапалатны парламент пад назвай «Вярхоўная Рада». Выбары парламента павінныя былі праводзіцца па змяшанай выбарчай сістэме: 130 дэпутатаў прапаноўвалася абіраць па аднамандатных выбарчых акругах, а 130 дэпутатаў — па шматмандатных выбарчых акругах на падставе партыйных спісаў.

Функцыі найвышэйшай выканаўчай улады ўскладаліся на ўрад, які павінен быў фармавацца парламентам і несці перад ім адказнасць. У той жа час права ўнясення кандыдатуры прэм’ер-міністра давалася прэзідэнту. Пры незацверджанні кандыдатуры прэм’ер-міністра цягам двух тыдняў з дня яе ўнясення прэзідэнт мог прызначыць сваім указам выканаўцу абавязкаў прэм’ер-міністра, распусціць парламент і прызначыць новыя выбары.

Што да судовай улады, то ў дакуменце замацоўвалася сістэма агульных, гаспадарчых і адміністрацыйных судоў. Суддзі вышэйшых судоў павінныя былі абірацца парламентам па прапанове органаў судзейскага самакіравання.

Канстытуцыйны суд прапаноўвалася перайменаваць у Канстытуцыйны трыбунал у сувязі з яго новым статусам і пашырэннем кампетэнцыі.

У праекце «малой» канстытуцыі прадугледжвалася пасада ўпаўнаважанага па правах чалавека, аднаўлялася Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь, засноўваўся новы орган — Наглядная рада па тэлебачанні і радыёвяшчанні. На месцах прапаноўвалася аднавіць сістэму мясцовага самакіравання ў выглядзе выбарных муніцыпальных органаў, выканаўчых камітэтаў, іншых формаў непасрэднага ўдзелу насельніцтва ў вырашэнні дзяржаўных і грамадскіх справаў.

Нягледзячы на прыняцце дэлегатамі 2-га Кангрэса дэмакратычных сіл Беларусі тэксту «малой» канстытуцыі, засталося нявырашаным пытанне пра тое, якім чынам рэалізаваць яе палажэнні. Акрамя таго, з дакумента вынікала, што «малая» канстытуцыя з’яўляецца дадаткам дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Вядома, такі варыянт нельга прызнаць апраўданым і дапушчальным. Тым больш што для ўнясення паправак у асноўныя часткі «лукашэнкаўскай» канстытуцыі трэба праводзіць рэспубліканскі рэферэндум, а рашэнне па гэтым пытанні можа прыняць толькі прэзідэнт (ён жа — кіраўнік дзяржавы).

Таму ад варыянту з «малой» канстытуцыяй варта адмовіцца. Яна не вырашае глабальных праблем, звязаных з аднаўленнем законнасці ў краіне.

Трэці варыянт — аднаўленне дзеяння Канстытуцыі 1994 года і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў — уяўляецца правільным, бо адпавядае прынцыпу пераемнасці ў развіцці канстытуцыйнага заканадаўства.

Калі лічыць рэферэндум 1996 года ў частцы ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю незаконным, то Канстытуцыя 1994 года захоўвае сваю легітымнасць. Пры гэтым не могуць мець юрыдычнай сілы і новаўвядзенні, прынятыя на рэферэндуме ў кастрычніку 2004 года. Пытанне пра зняцце абмежаванняў на займанне пасады прэзідэнта адной і той жа асобай больш за два тэрміны для «першага прэзідэнта» наогул не магло выносіцца на рэферэндум.

Аднак рэалізаваць гэты варыянт будзе няпроста. Для гэтага патрэбныя як мінімум дзве ўмовы: 1) сыход ад улады (добраахвотны ці вымушаны) А. Лукашэнкі і 2) прыняцце прадстаўнічым органам улады рашэння аб аднаўленні дзеяння Канстытуцыі 1994 г.

Чацвёрты варыянт — прыняцце новай канстытуцыі. Ён таксама цалкам магчымы ў постлукашэнкаўскі перыяд. Палітычныя сілы, якія прыйдуць да ўлады, могуць прынцыпова адмовіцца ад канстытуцыйнай спадчыны (як добрай, так і дрэннай) і пабудаваць сістэму ўлады на базе новай канстытуцыі.

Аднак досвед канстытуцыйнага будаўніцтва паказвае, што распрацоўка і прыняцце новых канстытуцый — справа няхуткая. Да прыкладу, працэс падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года заняў прыкладна чатыры гады.

Такім чынам, з прапанаваных варыянтаў канстытуцыйнага развіцця Беларусі самым аптымальным, правільным і законным з’яўляецца аднаўленне дзеяння Канстытуцыі 1994 г. і ўнясенне ў яе неабходных паправак.

Працяг будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?