Урачыстыя мэрапрыемствы, прысьвечаныя гэтай даце, адбудуцца ў Зэльве 11 жніўня. У праваслаўнай Сьвята-Троіцкай царкве, што на вуліцы Савецкай у Зэльве, а 11-й гадзіне адправяць службу ў памяць Геніюш.

Удзельнікі імпрэзы ўскладуць кветкі да помніка, які знаходзіцца побач з царквой, а таксама на магіле паэткі. У праграме ўрачыстасьцяў — прэзэнтацыя кнігі Ларысы Геніюш «Лісты з Зэльвы», выступленьне беларускіх бардаў і літаратараў. Традыцыйна мерапрыемствы ладзяць землякі паэткі, сябры дэмакратычных аб’яднанняў.

У Зэльву ў гэты дзень звычайна з'язджаюцца людзі самага рознага веку з розных гарадоў і вёсак Беларусі. Мясцовыя ўлады ўдзел ва ўшанаванні памяці паэткі не бяруць, паведамляе радыё "Свабода".

Адна з найлепшых беларускіх паэтак Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) нарадзілася 9 жніўня 1910 г.
ў маёнтку Жлобаўцы (сёння Ваўкавыскі раён). Ад 1937 да 1948 г. яна жыла на чужыне, у Чэхіі: узяла шлюб з доктарам Янкам Геніюшам і выехала ў Прагу, дзе муж вучыўся і працаваў.

Першыя яе вершы былі надрукаваныя ў бэрлінскай газэце «Раніца» вясною 1940 году, а ў 1942 г. стараннямі Вітаўта Тумаша ў Празе выйшаў зборнік «Ад родных ніў».

У сакавіку 1943 г., паводле тэстамента прэзідэнта БНР Васіля Захаркі, Ларыса Геніюш прызначаецца Генеральным сакратаром Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі.
Яна захоўвае і парадкуе архіў БНР, апякуецца эмігрантамі, палітуцекачамі і ваеннапалоннымі. Найбольш каштоўную частку архіву яна пераправіла ў недасягальнае для ворганаў НКВД і МДБ месца. Пазней савецкія карныя органы будуць катаваць паэтку, каб атрымаць звесткі пра гэты архіў.
У 1948 г. Янка і Ларыса Геніюш былі дэпартаваныя ў СССР і высланыя на Поўнач.
Пасьля вызваленьня жылі ў Зэльве. Ларыса Геніюш памерла 7 красавіка 1983 г.
Яна да канца жыцця не прыняла савецкага грамадзянства, застаючыся грамадзянкай БНР.

* * *

К чорту гарэлку, шэйкі і твісты,
Юную голаў хлусьнёю кружыць!
У сэрца народу скірованы выстрал,
Жыць яму заўтра, альбо ня жыць…

Мовай не нашай заплавілі горад,
Ціхіх сялянак не лічаць людзьмі,
Нельга ўлівацца ў чужацкае мора
Юнасцю нашай, крывёю, дзяцьмі.

Нельга. Мы ўдома свае, а не сведкі.
Няпрошана злыдні абселі сталы,
Кідаюць «з ласкі» свае нам аб’едкі,
Плодзяць халуйства на нашай зямлі.

Мы — стража ля нашай народнай калыскі.
Вораг суровы і лёс наш круты,
У нас за плячыма крычаць абеліскі,
З крыўдаю ў сэрцы падходзяць браты.

Мы сёння лёсу Радзімы зарука,
Выканаць нам, што бацькі не змаглі.
У нас запытаюць з дакорам унукі
Аб волі, аб мове радзімай зямлі.

Сёння ж на пласе родная мова,
Вырваць жывую належыць з агню,
Слова «кахаю» — слабае слова,
Мужнае слова — абараню!

14 верасня 1968 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0