Аб гэтым сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з жыхарамі Астравецкага раёна і будаўнікамі беларускай АЭС.

«Спорт не проста хворы, ён ушчэнт карумпаваны. Гэтыя суддзі, якія прымаюць рашэнні, яны бяруць грошы і прысуджваюць перамогу таму, хто дае больш»,
— сказаў Лукашэнка, каментуючы спартыўныя падзеі цяперашняй Алімпіяды і ўдзел беларускіх спартсменаў у ёй [па стане па дзень 9 жніўня Беларусь заваявала 10 медалёў, з іх 3 залатыя, перад Гульнямі быў пастаўлены план 25 медалёў — НН].
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што правілы правядзення многіх відаў спорту змяняюцца літаральна на вачах, каб дагадзіць асобным спартыўным чыноўнікам:
«Усё мяняецца на вачах. Напрыклад, умовы, правілы барацьбы ў спорце змяняюцца пад суддзю, чыноўніка, каб умяшацца і, на гэтым зарабіўшы грошы, каго-небудзь загубіць, каго-небудзь выкінуць».
Пры гэтым прадстаўнікі Міжнароднага алімпійскага камітэта робяць выгляд, што не заўважаюць тое, што адбываецца, мяркуе Лукашэнка.
«МАКаўскія начальнікі — яны прыехалі туды нібыта толькі для таго, каб каралеве медаль уручыць. Іх жа нідзе не відаць і не чуваць. Чаму яны не ўмешваюцца? Ходзяць, пальцы растапырыўшы, грошы на гэтым зарабляюць, знішчаючы спартсменаў і зневажаючы дзяржавы, якія туды прыязджаюць. Вось у чым праблема», — падкрэсліў Лукашэнка.
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў сітуацыю з беларускім кідальнікам молата Іванам Ціханам.
Паводле слоў Лукашэнкі, калі б аб нядопуску Ціхана папярэдзілі загадзя, Беларусь магла бы зрабіць замену. Аднак яму адмовілі ва ўдзеле ў Алімпіядзе непасрэдна перад стартам, і Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму гэта адбылося. «Сусветную федэрацыю ці то ўзначальвае, ці то з’яўляецца там галоўным функцыянерам грамадзянін Венгрыі.
А ў адсутнасць Ціхана хто заваяваў медаль? Венгерскі малатабоец. Значыць, яму расчысцілі дарогу, устараніўшы Ціхана.
Маўляў, калісьці ў Ціхана 8 гадоў таму было нешта… Дык яго пераправерылі дзясяткі разоў. Ён абсалютна чысты беларускі хлопец. А яго ўзялі і выкінулі. А чаму выкінулі? Таму што адказнасці не адчуваюць», — перакананы Лукашэнка.
«Вось што такое сёння спорт — гэта не палітыка, гэта бруд і карупцыя па ўсіх напрамках, дзе толькі магчыма.
Я нават публічна не магу гаварыць пра ўсе факты, якія ведаю, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але, думаю, у мяне будзе яшчэ магчымасць (не ў Англіі, дык у іншай краіне) усё, што я вам цяпер сказаў, сказаць гэтым функцыянерам».

У той жа час кіраўнік дзяржавы выказаў незадаволенасць і ўдзелам беларускай дэлегацыі ў Алімпійскіх гульнях у Лондане. «Мы разам з расіянамі пакуль правальваем Алімпіяду. Яны, вядома, шмат медалёў заваявалі, але не столькі, колькі павінны былі. І мы таксама», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што ў беларускім спорце таксама хапае праблем і недастаткова выкарыстоўваецца існуючы патэнцыял, ёсць прэтэнзіі і да трэнераў, і да спартсменаў, і да арганізатараў. «У нас ёсць і аб’екты, ёсць і магчымасць, і сродкі выдзелены, але веславанне, цяжкую атлетыку, спартыўную гімнастыку — мы ўжо страцілі гэтыя пазіцыі. А база ж добрая, трэнеры ёсць, чаму не працуем?» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё, сказанае аб спорце, можна аднесці і да сельскай гаспадаркі і прамысловасці: «Тут спуску нікому не будзе. Няхай крыўдзяцца на мяне губернатары за апошнюю селектарную нараду ці не крыўдзяцца, а шкуру буду здымаць з усіх. Прыйшоў працаваць — працуй, каб людзі сказалі дзякуй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?