Набыў моц прысуд, вынесены ў дачыненні да 32-гадовага жыхара Лунінца за хуліганства з прымяненнем насілля.

Як паведаміла БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Ларыса Караневіч, асуджаны і яшчэ адзін мужчына павінны былі інсцэніраваць у Кобрыне напад на жанчыну, якая пакінула іх агульнага сябра. Пра гэта іх папрасіў пакінуты палюбоўнік.

Згодна з планам, ён меў намер «выратаваць» жанчыну ад нападнікаў і такім чынам зноў дабіцца яе ўвагі. Пакінуты мужчына паказаў сябрам фатаграфію, па якой тыя павінны былі пазнаць жанчыну, і паведаміў, дзе яна жыве.

«31 студзеня каля сямі раніцы яны выканалі задуманае, але пераблыталі аб’ект. Схапілі за рукі жанчыну, якая выйшла з суседняга дома. Пацярпелая, да спіны якой 32-гадовы асуджаны прыставіў нож, паспрабавала выхапіць яго і парэзала сабе рукі. Нажом была таксама пашкоджаная куртка жанчыны, — дадала Караневіч. — Пакінуты мужчына, які выйшаў „вызваляць“ палонніцу, паведаміў нападнікам, што яны памыліліся».

Жанчына, на якую напалі, заявіла пра гэта ў міліцыю.

Суд Кобрынскага раёна 6 чэрвеня прызнаў 32-гадовага мужчыну вінаватым па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) і прыгаварыў да шасці месяцаў арышту. Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 10 жніўня пакінула вердыкт суда першай інстанцыі без змянення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?