Максімальна павялічыць экспарт цэменту і пашырыць выпуск новай прадукцыі з высокім дададзеным коштам на цэментных прадпрыемствах запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня падчас наведвання Беларускага цэментнага завода ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, ён прапанаваў Кітаю стварыць вытворчасць жалезабетонных вырабаў на базе пустых плошчаў побач з Беларускім цэментным заводам.

«Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі пра тое, што кітайская карпарацыя „Сіцік“, якая дапамагала мадэрнізаваць беларускія цэментныя прадпрыемствы, ажыццяўляе ў некаторых еўрапейскіх краінах праекты, жалезабетонныя вырабы для якіх прывозяцца з КНР», — гаворыцца ў прэс-рэлізе. Лукашэнка ў гутарцы з кітайскімі прадстаўнікамі зазначыў, што, хутчэй за ўсё, выгадней было б наладзіць выпуск жалезабетонных вырабаў у Беларусі, у тым ліку для пастаўкі на экспарт.

Ён запэўніў, што ўмовы для рэалізацыі новага перспектыўнага праекта кітайскаму боку «будуць створаны добрыя».
«Калі вы гатовы сюды прыходзіць — прыходзьце. Калі патрэбны жалезабетон — вырабляйце яго. Калі не, то мы будзем самі рабіць», — заявіў беларускі кіраўнік.

Міністр будаўніцтва і архітэктуры Анатоль Нічкасаў паведаміў, што ў структуры экспарту беларускіх будматэрыялаў істотную долю складаюць менавіта жалезабетонныя канструкцыі. У 2012 годзе ад агульнага аб’ёму экспарту будматэрыялаў доля жалезабетонных вырабаў складзе прыблізна 45%. «Улічваючы высокі попыт на жалезабетонныя вырабы як за мяжой, гэтак і ўнутры краіны», Лукашэнка даручыў ураду «старанна пралічыць магчымасць рэалізацыі гэтага праекта і беларускім бокам».

«Да канца гэтага года павінен быць гатовы бізнес-план — наш ці сумесны з Кітаем — па вытворчасці жалезабетонных вырабаў, — сказаў ён. — Мэта — не проста заняць пляцоўку, а вырабляць прадукцыю з высокім дададзеным коштам. Новая вытворчасць дасць штуршок развіццю горада, рэгіёна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?