КДБ накіраваў грамадзянам Каралеўства Швецыі Пэру Кромвелу, Томасу Мазэці і Ханне Ліне Фрэй афіцыйныя позвы ў сувязі са следствам у справе парушэння беларускай паветранай мяжы 4 ліпеня.
Позвы перакладзеныя на англійскую мову і апублікаваныя на афіцыйным сайце КДБ
У позвах гаворыцца, што гэтыя асобы павінны з'явіцца для правядзення следчых дзеянняў у 10-дзённы тэрмін. Пры сабе неабходна мець пашпарт або іншае пасведчаньне асобы.
Пазначаныя ў позвах і санкцыі, якія могуць быць ужытыя супраць шведскіх грамадзянаў у выпадку іх няяўкі.Згодна з артыкулам 402 Крымінальнага Кодэкса Беларусі, за гэта ім пагражае пакаранне штрафам або папраўчая праца, або пазбаўленне волі да 6 месяцаў.
На сайце КДБ не пазначана, якім чынам і на якія адрасы былі высланыя гэтыя позвы.
***
Нагадаем, што ў аўторак КДБ заявіў, што заведзена і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.371 КК Рэспублікі Беларусь па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня дзяржаўнай мяжы Беларусі падданымі Каралеўства Швецыі на лёгкаматорным самалёце. Па падазрэнні ў дапамаганні ў здзяйсненні паказанага злачынства затрыманыя грамадзяне Беларусі
Нагадаем, што аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.