Алімпійская чэмпіёнка Пекіна (2008) ў шпурлянні молату беларуска Аксана Мянькова сёння была толькі 7-й (найлепшы вынік -- 74,40), так толкам не рэалізаваўшы ніводнай з шасці сваіх спробаў (тры спробы незалічаныя).

Золата выйграла расіянка Таццяна Лысенка (78,19 -- алімпійскі рэкорд), срэбра — у Аніты Владарчык з Польшчы (77,60).

Але жарсці разгарэліся за 3-е месца: фінал быў азмрочаны напачатку няправільным залічэннем суддзямі адной са спробаў немкі Бэці Хайдлер (збой электронікі), якую праз гэта адкінула ад п’едэстала.

Бэці паўгадзіны ўпарта аспрэчвала рашэнне суддзяў перад іх столікам і дабілася, каб яе спробу перамералі. У выніку -- бронза (77,14).

***

Пакуль у беларусаў на Алімпіядзе 10 медалёў: 3 залатыя, 3 срэбраныя і 4 бронзавыя. Перад пачаткам Гульняў была пастаўлена задача заваяваць 25 медалёў.

Золата: Надзея Астапчук (6 жніўня, лёгкая атлетыка, ядро) Максім Мірны / Вікторыя Азаранка (5 жніўня, тэніс, мікст), Сяргей Мартынаў (3 жніўня, стральба);

срэбра: два медалі Аляксандры Герасімені (2 жніўня і 4 жніўня; плаванне); медаль братоў Аляксандра і Андрэя Багдановічаў (9 жніўня, каноэ-двойка).

бронза: Марына Шкерманкова (1 жніўня, цяжкая атлетыка) і Ірына Кулеша (3 жніўня; цяжкая атлетыка), Вікторыя Азаранка (4 жніўня; тэніс), байдарка-чацвёрка (8 жніўня; Ірына Памелава, Надзея Папок, Вольга Худзенка і Марына Палтаран).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0