Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў занепакоенае плянамі зьнішчэньня шэрагу помнікаў культуры ў цэнтры сталіцы.

У цяперашні момант асаблівую занепакоенасьць выклікае лёс унікальнага помніку айчыннай гісторыі — комплексу Бэрнардынскага кляштару XVII—XVIII ст., тэрыторыя якога абмежаваная сучаснымі вуліцамі Кірыла і Мятода, Гандлёвай, Герцэна і пляца Волі.

Гэты кляштар быў заснаваны ў 1624 г. і цяпер ён адзіны найбольш старажытны хрысьціянскі кляштарны комплекс у Менску, які цалкам захаваўся і заўжды быў шанаванай сьвятыняй у горадзе.

Улічваючы гісторыка‑культурную каштоўнасьць гэтага выдатнага помніку, Савет Народных Камісараў БССР яшчэ 5 ліпеня 1926 г. прыняў спэцыяльную пастанову аб ягонай дзяржаўнай ахове.

Абуральны той факт, што сёньня, паводле рашэньня Менгарвыканкаму ад 26 траўня 2006 г. №1012 п.12, былі вылучаныя бюджэтныя сродкі «на реконструкцию и реставрацию памятника архитектуры XVII—XVIII ст. — комплекса зданий №6, 8 по ул.Кирилла и Мефодия — с приспособлением под гостиничный комплекс и объекты торгово‑бытового назначения с объемом капитальных вложений 1400 млн рублей».

Як стала вядома з публікацый у сродках масавай інфармацыі, інстытутам «Менскпраект» вядуцца праектныя работы па разьмяшчэньні на тэрыторыі кляштарнага комплексу новага гатэлю. Паводле гэтага праекту плянуецца цалкам зьнішчыць аўтэнтычныя будынкі і збудаваньні кляштару, пераўтварыўшы іх у шматузроўневы жалезабэтонны катлаван, у якім будуць зьмешчаныя казіно, паркінг, басэйн, рэстарацыі, спартовыя залі, боўлінг і г.д.

Паводле задумак аўтараў праекту, на месцы старажытных муроў кляштару павінны зьявіцца новыя будынкі і збудаваньні, архітэктурныя вырашэньні якіх «предполагают имитацию разновременной разностилевой застройки».

Гэтыя дзеяньні груба пярэчаць нашаму нацыянальнаму заканадаўству аб ахове гісторыка‑культурнай спадчыны і міжнародным нарматыўна‑мэтадычным дакумэнтам, сьведчаць аб поўным неразуменьні мэтаў па захаваньні культурнай спадчыны і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры.

Дарэчы, зьнішчэньне комплексу менскага кляштару Бэрнардынцаў пачалося ўжо даўна. У канцы ХХ ст. на месцы старажытных кляштарных могілкаў з боку пляцу Волі пад выглядам аднаўленьня гандлёвых шэрагаў, якія таксама належалі кляштару, быў пабудаваны комплекс піўной рэстарацыі. Падчас гэтага будаўніцтва былі барбарскім чынам зьнішчаныя старажытныя пахаваньні фундатараў кляштару, манахаў і найбольш паважаных парафіян, якія знайшлі апошні спачын каля муроў сьвятыні.

Сёньня распрацоўваецца яшчэ адзін праект «реставрации», паводле якога да аўтарнай часткі цяперашняга касьцёлу сьв.Язэпа плянуецца прыбудаваць новую піцейную ўстанову пад кодавай назвай «объект общественного питания повышенной комфортности».

Варта яшчэ раз падкрэсьліць, што Гістарычны цэнтар нашага гораду — гэта ўнікальны помнік горадабудаўніцтва, архітэктуры, археалёгіі і гісторыі ХІ—ХІХ ст., ён мае найвышэйшы нацыянальны статус 1 катэгорыі аховы, што афіцыйна замацавана ў Дзяржаўным сьпісе гісторыка‑культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусі. Паводле існуючага заканадаўства, любыя дзеяньні на ягонай тэрыторыі падлягаюць асабліваму дзяржаўнаму кантролю і рэгуляваньню.

Згодна з ахоўнай зонай найбольш значнай часткі Гістарычнага цэнтру г.Менску — Верхняга гораду, якая была афіцыйна зацьверджаная ў 1979 г., ягоная тэрыторыя цалкам была абвешчаная запаведнай, дзе было катэгарычна забаронена любое новае будаўніцтва, якое парушае гістарычнае асяродзьдзе альбо перашкаджае ўспрыманьню помнікаў.

Падобныя абуральныя рашэньні, якія цяпер прапануюцца ў адносінах да помнікаў культуры, на жаль, не адзінкавыя. У бліжэйшым часе на тэрыторыі ўсяго Гістарычнага цэнтру Менску плянуецца разгарнуць новае масавае будаўніцтва, якое можа прывесьці да непапраўных гісторыка‑горадабудаўнічых наступстваў і зьнішчэньня каштоўных помнікаў культуры. У прыватнасьці, прапануецца будаўніцтва цэлага шэрагу шматузроўневых гаражоў‑стаянак і адміністрацыйна‑гандлёвых збудаваньняў на тэрыторыі Верхняга гораду і Ракаўскага прадмесьця. Асаблівую заклапочанасьць выклікаюць пляны «освоения» гістарычнага кварталу ў межах вуліц Інтэрнацыянальная, Камсамольская, Няміга, Гарадзкі Вал, дзе, паводле ўзгодненага Міністэрствам культуры праекту, плянуецца будаўніцтва ўздоўж вуліцы Нямігі яшчэ аднаго шматузроўневага паркінгу з адміністрацыйна‑гандлёвымі памяшканьнямі. Пры гэтым адначасова тут плянуецца знос шэрагу помнікаў, якія знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай.

Яшчэ адзін вялізарны гандлёва‑забаўляльны цэнтар заплянавалі пабудаваць на тэрыторыі аднаго з самых старажытных менскіх манастыроў у квартале, абмежаваным вуліцамі Энгельса, Інтэрнацыянальнай і Музычным завулкам. На месцы манастырскага сада, які належаў Сьвятадухаўскаму манастыру, відаць, будзе пабудавана яшчэ адно казіно і шэраг спартовых заляў і рэстарацыяў.

Гэткай тэндэнцыі фактычнага зьнішчэньня гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў пад выглядам «реконструкции с реставрацией» нарэшце павінна быць дадзеная адпаведная юрыдычная ацэнка.

Культурныя рэсурсы, у адрозьненьне ад прыродных, адносяцца да прынцыпова неаднаўляльных. Нарэшце, захаваньне культурнай спадчыны павінна быць усьвядомлена як неабходная ўмова грунтоўнага разьвіцьця нашага грамадзтва.

Без карэктнага вырашэньня акрэсьленых праблемаў ня можа ісьці гаворкі пра разьвіцьцё Менску як эўрапейскай сталіцы, а таксама пра спадзяваньні на стварэньне ў нашым горадзе нармальнай інфраструктуры турызму.

Заплянаванае зьнішчэньне ў цэнтры Менску аднаго з найстаражытнейшых хрысьціянскіх сьвятыняў будзе мець і вельмі нэгатыўны міжнародны рэзананс, асабліва з боку вышэйшага кіраўніцтва Рыма‑каталіцкай царквы. У ХХІ ст. падобнае стаўленьне да шанаваных сьвятыняў прынцыпова немагчымае ні ў воднай хрысьціянскай краіне сьвету.

Старшыня сэкцыі аховы помнікаў архітэктуры Менскага гарадзкога савету Таварыства, кандыдат архітэктуры, доктар мастацтвазнаўства, Тамара Габрусь

Намесьнік старшыні прэзыдыюму Менскага гарадзкога савету Таварыства, Уладзімер Дзянісаў

А вось па гэтай спасылачцы надзвычай цікавы погляд "Советской Белоруссии" на касьцёл сьв. Язэпа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0