Многае з напісанага вязнем сумлення, праваабаронцам Алесем Бяляцкім перад турмой застаецца актуальным і сёння. Вось некалькі ўрыўкаў з ягоных твораў.

«Няўжо гэта былі мы?»

Чаму гэта ўсе дыктатары такія падобныя адзін да аднаго? Вось Гітлер раскрывае «змову» сваіх бліжэйшых паплечнікаў і знішчае іх, вось тое самае робіць Сталін. А вось Лукашэнка садзіць у турму міністра сельскай гаспадаркі Лявонава, які доўгі час апекаваўся ім, а вось адпраўляе ў адстаўку тых, хто дапамог яму прыйсці да ўлады, і адзін з іх — Віктар Ганчар — неўзабаве знікае…

Вось на маляўнічых фотаздымках Кім Ір Сен вучыць карэйскіх сялянаў, як трэба саджаць рыс, а вось ён паказвае карэйскім сталяварам, як трэба выплаўляць метал. Яго змяняе Фідэль Кастра, які праводзіць вайсковыя вучэнні па ўсёй Кубе і грозна і доўга выступае супраць амерыканскага імперыялізму і «загніваючага» Захаду. Дзе я ўсё гэта бачыў? А, прыпамінаю: вось Лукашэнка ў вайсковай форме страляе з кулямёта, а затым асабіста кіруе жнівом.

Вось Садам Хусэйн пераплывае Тыгр, а за ім плывуць ягоныя міністры, а вось Лукашэнка бяжыць на лыжах, а следам — ягоныя міністры.

Бедныя тыя народы, якія паддаюцца ўладзе дыктатара. Чароўнымі здаюцца ягоныя салодкагалосыя прамовы. Слухаючы яго, здаецца, што ўсё ў нас атрымліваецца, усіх мы перамагаем. Але тым горшы становіцца міг абуджэння. Няўжо гэта былі мы? Ці мы спалі, ці нас загіпнатызавалі? Няўжо мы так верылі гэтым нікчэмнасцям?

Эсэ «Дэжа вю» (з кнігі «Прабежкі вакол Жэнеўскага возера», 2006)

«Негвалтоўны характар»

Урокі «Салідарнасці» важныя і для беларускага народу. Яны паказваюць, наколькі змена сітуацыі ў краіне залежыць ад простых людзей, ад кожнага грамадзяніна паасобку. Калі палякі пачыналі страйк, ніхто не ведаў, чым ён можа скончыцца для кожнага з іх асабіста і для краіны. Лех Валенса, згадваючы той першы дзень, казаў, што ён выходзіў з кватэры, як на вайну, развітаўшыся з жонкай і дзецьмі і думаючы, што ён ужо не вернецца: будзе пасаджаны ў турму ці забіты. Бо яшчэ 10 гадоў таму страйк на гэтай жа верфі быў расстраляны паліцыяй.

Таму надзвычай важным момантам для арганізатарам страйкаў быў негвалтоўны характар правядзення ўсіх акцыяў непадпарадкавання.

І яшчэ важнае значэнне мела тая падрыхтоўчая праца, якая была зробленая адчайнымі смельчакамі, праўдалюбцамі, якія выдавалі падпольныя газеты, улёткі і, нягледзячы на пастаянныя рэпрэсіі ўладаў супраць іх, неслі слова праўды ў працоўнае асяроддзе. Іх звальнялі з працы, саджалі ў турмы, але яны настойліва працягвалі змагацца з дыктатурай вольным словам.

Нягледзячы на, здавалася б, поўны кантроль усіх галінаў грамадзянскага жыцця ўладамі ў Беларусі, праўдзівая інфармацыя пра тое, што ж на самой справе адбываецца ў нас, прыроднае імкненне да волі, якое ўласцівае не толькі палякам, але і нам, беларусам, упэўнены, зменіць грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. І ніхто не зможа стрымаць беларусаў перад выбарам свабоды.

«Выбар свабоды» (з кнігі «Прабежкі вакол Жэнеўскага возера», 2006

«Мы самі разбярэмся»

«Мы будуем нашую краіну сваім розумам, засноўваючыся на сваіх традыцыях». Вельмі зручны лозунг для рэжымаў, дзе масава парушаюцца правы чалавека, маўляў, гэта нашая справа, мы самі разбярэмся.

«Настальгія па СССР» (з кнігі «Прабежкі вакол Жэнеўскага возера», 2006)

«Любіце Радзіму, а самі сварыцеся між сабой»

Найвялікшая хіба беларускіх палітыкаў — няўменне дамаўляцца і працаваць разам дзеля адзінай мэты. Уменне ўтаймаваць свой гонар — паказальнік спелага палітычнага вопыту. Як кідаў абвінавачванні беларускай шляхце яшчэ 250 гадоў таму ва «Успамінах Сапліцы» ксёндз Яндаловіч: «Мы любім Радзіму!“ — кажаце вы, а самі ўвесь час сварыцеся адзін з адным! Нішто сабе любоў да роднай зямлі, калі з яе насельнікамі ў вас адны звады!»

«Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера» (з кнігі «Прабежкі вакол Жэнеўскага возера», 2006)

«А што, можна было?»

Адзін знаёмы распавёў мне показку пра тое, як злавіў беларус залатую рыбку. Просіць ён яе: «Зрабі мне асліныя вушы». Тая — раз і зрабіла. Ён падумаў і працягвае: «Зрабі мне нос, як хобат у слана». Рыбка і гэта зрабіла. Трэцяе жаданне надумаў беларус: «Дай мне рогі, як у лася». І гэта дала яму рыбка. Адпусціў яе беларус. Рыбка адплыла, а затым цікаўнасць разабрала яе, вярнулася яна і пытаецца ў яго: «Паслухай, чалавеча, а чаму ты сабе палаца, „Мерсэдэса“, прыгожай жонкі не папрасіў?» «А што, можна было?» — у адказ нясмела запытаўся беларус.

«Азербайджан, Азербайджан» (з кнігі «Прабежкі вакол Жэнеўскага возера», 2006)

«Незалежнасць гэта…»

— Як мне патлумачыць дзецям, што ім дасць нашая незалежнасць? — пытаецца ў мяне настаўніца гісторыі.

— Наша незалежнасць — гэта як наша хата. Яна дасць гарантыі бяспечнага, утульнага, лепшага жыцця.

«Наша хата» (з кнігі «Прабежкі вакол Жэнеўскага возера», 2006)

«Палітыкі гадуюцца гадамі»

Палітычнае майстэрства патрабуе гэткага ж прафесіяналізму, як і любое іншае. Немагчыма, каб палітык прыйшоў ад станка ці сахі. Палітыкі гадуюцца гадамі. Не трэба жывіцца мроямі, быццам нехта за палітыкаў, за партыі зробіць іхную работу.

«Наша кроў» («Наша Ніва», 2002)

* * *

Алесь Бяляцкі вядомы як праваабаронца і, цяпер, вязень сумлення. У турму ён трапіў за арганізацыю дапамогі іншым рэпрэсаваным.

Да таго ён быў палітыкам, дэпутатам у Мінску. А пачынаў з працы школьным настаўнікам у Лельчыцкім раёне. Таленавітага хлопца заўважылі і запрасілі ў Мінск, у аспірантуру Акадэміі Навук. Ён быў з таго філалагічнага паклікання 80-х, калі спачатку было слова. Грамадскай дзейнасцю ён займаўся як старшыня Таварыства маладых літаратараў і Беларускай каталіцкай грамады. Гэта такі Чалавек Адраджэння, гуманіст з вірлівага часу. Сярод іншага, Бяляцкі заўжды пісаў.

На аснове неабароненай дысертацыі Бяляцкі выдаў у 1991-м кнігу «Літаратура і нацыя».

Пасля была кніга эсэ «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера» (Мінск, 2006). Гэта ўжо найперш аб праваабарончай працы Бяляцкага, яго назіраннях у часе паездак у іншыя краіны.

У цэнтры «Вясна» Бяляцкі заснаваў рэгулярны бюлетэнь «Права на волю». Нядоўгі час у 2002-м і ў «Нашу Ніву» ён пісаў аўтарскую калонку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?