Беларуская штурхальніца ядра Надзея Астапчук, пазбаўленая залатога медаля Алімпіяды ў Лондане з-за станоўчай допінг-пробы, у інтэрв'ю Прессболу зазначыла, што пачынаючы з красавіка яе бесперапынна трэслі антыдопінгавыя агенцтвы. Так, у маі яна здавала тэсты двойчы, у чэрвені - тройчы, у ліпені - двойчы. Апошні раз - 30 ліпеня.

Усе тэсты былі адмоўнымі.

Барыс Тасман: Застаецца выказаць здагадку, што допінг трапіў у твой арганізм паміж апошнім тэстам у Мінску і першым у Лондане...

Выходзіць так. Але вы ўяўляеце, што трэба страціць розум, каб наесціся допінгу перад самым выездам у Лондан, ведаючы, што там чакае абавязковы допінг-кантроль. Трэба быць сабе ворагам.

Але ж нехта можа быць зацікаўлены ў тым, каб цябе падставіць?

Той чалавек, вы ведаеце, пра каго я кажу, той, які займаўся шантажом, ён мне даўно абяцаў: у цябе будуць праблемы з допінг-кантролем.
Зараз я думаю, што яго пагроза пачынае спраўджвацца, хоць ён ужо не працуе ў нас.

Што збіраешся рабіць?

Мы з Аляксандрам Мікалаевічам Яфімавым паспрабуем расследаваць гэту справу, у тым ліку з дапамогай следчых органаў.
Трэба прадумаць усё да дробязяў, успомніць усе гэтыя дні паміж 30 ліпеня і 5 жніўня: як яны праходзілі, дзе і з кім мела зносіны.

А, дарэчы, дзе ты знаходзілася перад ад'ездам?

Да 3 жніўня была на зборы ў Раўбічах, а 4-га мы з трэнерам вылецелі ў Лондан... Усё, што ўдасца даведацца ў выніку расследавання, стане вядома ўсім. Мне няма чаго хаваць ад людзей.

Я выдаткавала шмат сіл, каб стаць алімпійскай чэмпіёнкай, мне няма чаго апраўдвацца. Не хачу так заканчваць спартыўную кар'еру.

* * *

Беларуска Надзея Астапчук, якая заваявала залаты медаль у штурханні ядра на Алімпіядзе ў Лондане, дыскваліфікавана за станоўчую допінг-пробу. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК).

Як адзначаецца ў рэлізе, у абедзвюх допінг-пробах Астапчук быў выяўлены забаронены прэпарат метэналон. Першая была ўзята напярэдадні спаборніцтваў, другая — адразу пасля іх завяршэння.

На падставе станоўчых проб па рэкамендацыі Дысцыплінарнага камітэта МАК Выканаўчы камітэт МАК пастанавіў наступнае:

1. Надзея Астапчук:

а) дыскваліфікавана ў алімпійскіх спаборніцтвах па штурханні ядра б) выключана са складу ўдзельнікаў Алімпіяды 2012 года ў Лондане

в) павінна вярнуць медаль і дыплом

г) павінна неадкладна вярнуць алімпійскую ідэнтыфікацыйную карту і акрэдытацыю.

2. Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі (IAAF) неабходна змяніць і скарэктаваць вынікі алімпійскіх спаборніцтваў у жаночым штурханні ядра.

3. НАК Беларусі ўказана на неабходнасць вярнуць узнагароды Астапчук.

4. МАК пераразмеркаваў узнагароды і дыпломы паміж спартсменкамі, якія занялі месцы ўслед за Астапчук. Такім чынам, алімпійскай чэмпіёнкай аб’яўлена новазеландка Валеры Адамс, другое месца прысуджана расіянцы Яўгеніі Калодцы, трэцяе — кітаянцы Гун Ліцзяа.

5. НАК Беларусі павінен выканаць распараджэнне Выканаўчага камітэта МАК.

6. Усе рашэнні набываюць моц неадкладна.

У Міністэрстве спорту і турызму Беларусі навіну пра дыскваліфікацыю Надзеі Астапчук пакуль не каментуюць. Паводле слоў прэс-сакратара арганізацыі Уладзіміра Несцяровіча, дакументаў, якія пацвярджаюць дыскваліфікацыю Астапчук, у Мінспорту пакуль няма.

13 жніўня ў 15.00 у прэс-цэнтры газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии» павінна была адбыцца прэс-канферэнцыя Надзеі Астапчук,

аднак у апошні момант яе адмянілі без тлумачэння прычын.

Нагадаем, 6 жніўня на Алімпіядзе ў Лондане 31-гадовая Надзея Астапчук заняла першае месца ў фінале спаборніцтваў па штурханні ядра. Свой лепшы вынік — 21 метр 36 сантыметраў — яна паказала ў трэцяй спробе. У выніковым пратаколе спартсменка на 66 сантыметраў апярэдзіла ўладальніцу сярэбранай узнагароды Валеры Адамс з Новай Зеландыі.

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Астапчук ордэнам Айчыны III ступені. Гэтай узнагароды яна ўдастоена за «высокі прафесіяналізм, выдатныя спартыўныя дасягненні і перамогу на XXX летніх Алімпійскіх гульнях».

Улічваючы рашэнне МАК аб дыскваліфікацыі Астапчук, агульная карціна выступлення беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Лондане стала яшчэ горшай.

Такім чынам, у актыве беларусаў цяпер не 13, а 12 узнагарод: 2 залатыя, 5 сярэбраных і 5 бронзавых. Гэта горшы вынік выступлення на летніх Алімпіядах у суверэннай гісторыі.

Кіраўнік дзяржавы ставіў перад беларускай камандай задачу заваяваць у Лондане 25 медалёў, у тым ліку 5 залатых.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0