Інтэрнетам у Беларусі карыстаецца 32,5 працэнта дарослага насельніцтва. Такія вынікі даследавання Цэнтра сістэмных бізнес‑тэхналогій «Саціо», абнародаваныя 4 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Як паведаміла дырэктар дэпартамента маркетынгавых і арганізацыйных даследаванняў «Саціо» Вольга Рудзь, удзельнікам даследавання былі зададзены два асноўныя пытанні: «Ці карыстаецеся вы інтэрнетам?» і «Якія сайты вы наведваеце найбольш часта?». Такія апытанні праводзіліся двойчы: у снежні 2006‑га і сакавіку 2007 года.

Падчас даследавання былі апытаны 1 тыс. 473 мужчыны і жанчыны ад 18 гадоў і больш з рознай адукацыяй, сацыяльным і сямейным становішчам і ўзроўнем даходу. «Я ўпэўнена, што выбарка нашага даследавання ўяўляе сабою мікрамадэль насельніцтва Беларусі», — падкрэсліла В.Рудзь.

Паводле яе слоў, найбольш актыўнымі карыстальнікамі інтэрнета з’яўляюцца грамадзяне ва ўзросце 17‑40 гадоў. Пасля 40 гадоў беларусы карыстаюцца інтэрнетам у два разы радзей, пасля 60 — у тры разы.

Колькасць карыстальнікаў сеткі ў гарадской мясцовасці складае прыкладна 35%, у сельскай — каля 15% ад агульнай колькасці насельніцтва.

Паводле звестак цэнтра «Саціо», найбольш актыўна інтэрнетам карыстаюцца жыхары Мінска, а таксама Мінскай і Гродзенскай абласцей, што ў пэўнай ступені звязана з узроўнем даходаў насельніцтва.

У якасці станоўчай тэндэнцыі В.Рудзь зазначыла, што пошук у інтэрнеце становіцца больш мэтанакіраваным. Яна таксама паведаміла, што найбольш наведваным з’яўляецца партал tut.by (яго наведваюць не менш за 7% ад агульнай колькасці карыстальнікаў інтэрнета ў Беларусі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?