Супрацоўнікі шведскага піяр-агенцтва Studio Total зладзілі бліскучую паводле медыйнага эфекту акцыю. Праўда, шведы наўрад ці чакалі такіх наступстваў. Не знаёмыя з норавамі Мінска, яны наўрад ці думалі, што іх бясшкодная акцыя пацягне за сабой узяццё новых закладнікаў у Беларусі і дыпламатычны крызіс.

СПА тут ні пры чым

Калі б самалёт са шведамі пасадзілі, іх чакаў бы суд і турма. Чаму гэтага не здарылася?

Шэраг аналітыкаў, у прыватнасці, Андрэй Суздальцаў з Масквы, паспяшаўся зганьбіць беларускую сістэму супрацьпаветранай абароны (СПА). Маўляў, калі яна не здатная адсачыць нават авіетку, то як на яе можна спадзявацца? Гэтыя меркаванні з гатовасцю былі падхопленыя беларускімі і замежнымі СМІ.

Аднак

парушэнне лёгкаматорным самалётам паветранай прасторы Беларусі ніяк не сведчыць пра рэальную баяздольнасць СПА.
СПА прызначаная для абароны ад узброеных паветраных аб’ектаў, а не ад адзіночных спартыўных самалётаў. І таму перахоп або знішчэнне парушальніка здзяйсняецца пасля вызначэння яго як небяспечнай баявой цэлі. У мірны час радары настроеныя на адсочванне менавіта баявых цэляў на найбольш імаверных вышынях. Хаця па сваіх ТТХ беларускія радары могуць заўважаць таксама і такія аб’екты, як шведскі самалёцік, але вядзенне такіх цэляў не ёсць іх першаснай задачай.
Сістэма СПА можа функцыянаваць у рэжыме татальнага сканавання прасторы 24 гадзіны 365 дзён на год, але ў мірны час гэта звышрастрата рэсурсаў.
Бадай што ніводная краіна (хіба за выключэннем Ізраілю) не мае суцэльнага радыёлакацыйнага поля ніжэйшага за 150–200 метраў па ўсёй тэрыторыі краіны. Таму «плюшавы дэсант» — гэта ніяк не рэальны тэст баяздольнасці супрацьпаветранай абароны.

Інфармацыя да верху не дайшла?

Чаму шведскаму самалёту ўсё ж удалося даляцець да Мінска і вярнуцца назад у Літву? Версіі могуць быць тры.

1. Самалёт не быў заўважаны сістэмамі сачэння, адпаведна не было паднятае дзяжурнае звяно для перахопу, а кіраўніцтва даведалася пра парушэнне мяжы з Інтэрнэту.

2. Самалёт быў заўважаны, інфармацыя пайшла «наверх», але кіраўнік краіны вырашыў нічога не рабіць з парушальнікамі.

3. Самалёт быў заўважаны сістэмай СПА, але інфармацыя не была перададзеная асобам, якія прымаюць рашэнне пра перахоп або ліквідацыю парушальніка.

Першая версія падаецца вельмі імавернай, бо аб’екты такога тыпу слаба заўважныя для радараў сістэмы СПА, настроеных на выяўленне іншых цэляў.
Гэта пацвярджаюць ранейшыя інцыдэнты з перасячэннем мяжы лёгкаматорнымі самалётамі. Напрыклад, у 2006 годзе літоўскі самалёт заблукаў і быў заўважаны беларускім штурмавіком Су-25 выпадкова, пры выкананні пралёту ўздоўж мяжы. Яшчэ раней, у 2003 годзе, у Гродзенскай вобласці знайшлі літоўскі лёгкаматорны самалёт, які пацярпеў крушэнне на беларускай тэрыторыі некалькі месяцаў таму, што не было заўважана памежнікамі і войскамі СПА.
Але гэтая версія супярэчыць агучанымі А. Лукашэнкам дадзенымі пра тое, што самалёт быў адсочаны радарамі, а таксама інфармацыі ад саміх шведаў, што іх выклікаў дыспетчар аэрапорта над Мінскам.
Такім чынам, так ці інакш, самалёт быў зафіксаваны. Застаецца аднак незразумелым, чаму не былі паднятыя перахопнікі пасля таго, як самалёт быў заўважаны вежай аэрапорта Мінск-1 і не адказваў на запыты. У такіх умовах дыспетчары мусяць звязвацца з вайскоўцамі для высвятлення прыналежнасці паветранага аб’екта.
Другую версію адразу можна адкінуць, хаця яна і з’яўляецца афіцыйнай.
Гэтай версіі супярэчыць першапачатковае адмаўленне ўладамі факту парушэння і паспешлівыя кадравыя наступствы, як адлюстраванне разбору палётаў унутры сілавых ведамстваў і, адпаведна, прызнання іхняй віны. Версія таксама не стыкуецца з логікай прапаганды: парушэнне мяжы пасля святочнага параду і дэманстрацыі вайсковай моцы адразу разбурае ўвесь прапагандысцкі эфект ад мерапрыемства і выстаўляе вайскоўцаў у нявыгадным святле. Наадварот, класікай жанру была б прымусовая пасадка шведскага самалёта і гучны працэс над парушальнікамі. Цяжка паверыць, што ў гэтым выпадку кіраўнік Беларусі кіраваўся «прынцыпамі гуманнасці».
Такім чынам, самай верагоднай уяўляецца трэцяя версія, якая тлумачыць як спробы адмаўляць відавочныя факты, гэтак і хуткую расправу над кіраўніцтвам Дзяржаўнага памежнага камітэту і войскаў СПА.
Чаму ж так сталася? Цалкам верагодна, радарамі быў здзейснены аўтаматычны захоп і вядзенне цэлі, якая пры гэтым была распазнаная як не баявая і не ўяўляючая пагрозы, таму, магчыма, інфармацыя і пайшла па ланцужку наверх ад дзяжурнага, але патрэбная інфармацыя не дайшла да патрэбнага звяна.

Збой у сістэме

Хуткасць і значнасць кадравых перастановак (не забываемся, што кіраўнік ДПК Ігар Рачкоўскі блізкі да старэйшага сына прэзідэнта) сведчыць пра тое, што адбыўся збой у дзяржаўнай сістэме прыняцця рашэнняў, што пацягнула за сабой негатыўныя палітычныя наступствы.

Іншымі словамі, інцыдэнт са шведскім самалётам паказвае, што вертыкальная сістэма прыняцця рашэнняў не спрацоўвае належным чынам і што кіраўнік дзяржавы, верагодна, не мае ўсёй паўнаты інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне. Пры пэўных абставінах гэта можа стаць фатальным для ўсёй сістэмы і яе кіраўніка. І менавіта адсюль гэткая ірацыянальная і несіметрычная рэакцыя ў адказ.

Канфлікт са Швецыяй: чаму Мінск ідзе на абвастрэнне?

Мяркуючы па ўсім, «плюшавы дэсант» і адкліканне пасольстваў — рэчы паміж сабой не звязаныя.
Але медыйны і палітычны эфект ад абедзвюх падзеяў узаемна ўзмацнілі адзін другога, што і прывяло да гучнага скандалу.

Па-першае, афіцыйны Мінск у гэтым дыпламатычным скандале адчувае сваю правату.

Па-другое, пад шум скандалу можна пазбавіцца ад шкоднай, на думку Мінска, шведскай амбасады, якая заўжды была досыць заўважнай у сваёй супрацы з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

Па-трэцяе,

Мінск не баіцца ісці на адкрыты дыпламатычны канфлікт, бо ведае, якім чынам і калі яго можна спыніць.
Нават калі да канфлікту падключацца і іншыя пасольствы ЕС. Дыпламатычны крызіс вясны гэтага года многаму навучыў: краіны-сябры ЕС самі не зацікаўлены трымаць сваіх амбасадараў па-за Беларуссю; можна адпусціць некалькіх палітвязняў, і ўсё вернецца да ранейшага стану рэчаў (балазе, такіх вязняў цяпер дастаткова); палітычныя канфлікты з ЕС не прыводзяць да адчувальных эканамічных наступстваў.

Па-чацвёртае, пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў і асабліва пасля дыпламатычнага крызісу гэтай вясны Мінск ужо не напалохаеш пагаршэннем іміджу. Яму ўжо практычна няма куды горшаць.

І апошняе: беларускае кіраўніцтва працягвае адчуваць за сабой эканамічную і замежнапалітычную падтрымку Масквы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?