Больш чым у 50 магазінаў па ўсёй Беларусі адной буйной гандлёвай сеткі паступілі няякасныя рыбныя кансервы з адной партыі звыш 200 тысяч штук.

Як паведамілі супрацоўнікі службы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама, якія і выявілі ў магазінах Мінска сапсаваныя кансервы,

гаворка ідзе пра «Селядзец атлантычны ў таматным соусе», «Селядзец атлантычны ў алеі» і «Шпроты ў алеі з балтыйскай кількі».

Супрацоўнікі УБЭЗ ГУУС ужо ўстанавілі ўсе гандлёвыя аб’екты, куды накіроўваўся на рэалізацыю няякасны тавар. Цяпер адтуль небяспечная прадукцыя канфіскуецца. Большая частка кансерваў з гэтай партыі ўжо выдалена з паліц і складаў магазінаў.

На думку спецыялістаў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прадстаўленая ім на экспертызу рыбная прадукцыя няякасная настолькі, што наогул падлягае пахаванню на спецпалігоне.

Паколькі прадаваліся сапсаваныя кансервы па параўнальна нізкай цане, попыт на іх быў дастаткова вялікім. Некалькі мінчан ужо склалі скаргі на якасць купленых кансерваў селядца і шпрот.

Цяпер супрацоўнікі УБЭЗ устанаўліваюць усе абставіны, звязаныя з пастаўкай і сертыфікацыяй няякасных кансерваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?