Беларускі і індыйскі бакі пакуль не дамовіліся наконт магчымай куплі долі ў ААТ «Беларуськалій». Аб гэтым заявіў сёння журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Беларусі Манодж Бхарці.
«Цяпер ідзе праца экспертаў з „Беларуськалія“ і адпаведнай індыйскай кампаніі, якія дамаўляюцца паміж сабой.
Пакуль што яны не прыйшлі ні да якога пагаднення. Нам толькі застаецца чакаць вынікаў, якіх яны дасягнуць і пра якія абвесцяць», — растлумачыў пасол.
Акрамя таго, ён адзначыў, што сельская гаспадарка — адзін з самых важных сектараў індыйскай эканомікі, і для краіны важнае пытанне харчовай бяспекі, бо ў Індыі шмат насельніцтва. Менавіта таму для Індыі вельмі важная закупка калійных угнаенняў. «Беларусь — адзін з самых важных пастаўшчыкоў угнаенняў у Індыю, не толькі калійных. Індыя заўсёды імкнулася ўступіць у нейкія дамоўныя адносіны з Беларуссю, каб забяспечыць бесперабойную пастаўку угнаенняў», — сказаў дыпламат.