13 жніўня ў Беларусі пачала працу агульнанацыянальная бясплатная гарачая лінія для пацярпелых ад дамашняга гвалту — 8-801-100-8-801, створаная на базе міжнароднага грамадскага аб’яднання «Гендарныя перспектывы».
Пра гэта паведаміла старшыня праўлення аб’яднання Ірына Альхоўка 15 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Гарачая лінія створана ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Павышэнне нацыянальнага патэнцыялу дзяржавы па супрацьдзеянні дамашняму насіллю ў Беларусі» і прызначана для неадкладнага аказання падтрымкі паўналетнім, якія пакутуюць ад дамашняга гвалту. Магчыма аказанне як псіхалагічнай дапамогі, так і юрыдычных кансультацый, паслуг па сацыяльным кансультаванні, у тым ліку перанакіраванне ў іншыя арганізацыі і ўстановы — ад праваахоўных органаў, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва да грамадскіх арганізацый, якія пры неабходнасці могуць даць прытулак ахвяры гвалту.

Як заявіла Альхоўка, галоўныя прынцыпы працы лініі — ананімнасць і прыватнасць зваротаў, павага выбару чалавека.
Усе пяць супрацоўнікаў лініі — псіхолагі, юрысты, спецыялісты па сацыяльнай працы — прайшлі паглыбленае навучанне непасрэдна перад пачаткам працы. Яны валодаюць навыкамі па зніжэнні крызіснага напружання, разам з ахвярай здольныя прыйсці да высновы, ідзе гаворка ў кожным пэўным выпадку пра канфлікт у сям’і ці пра дамашняе насілле.
Званкі на гарачую лінію прымаюцца са стацыянарных тэлефонаў штодня з 8.00 да 20.00. У аўторак і суботу з 8.00 да 14.00 на лініі дадаткова дзяжурыць юрыст.

Як паведаміла Альхоўка, за два дні працы лініі на яе паступіў 21 званок, большасць — ад жанчын.

Прадстаўнік МГА «Гендарныя перспектывы» па вопыце дзейнасці арганізацыі за апошнія 3,5 года расказала пра найболей тыповыя запыты ў сувязі з праблемай дамашняга насілля. У 95% выпадкаў ахвярамі дамашняга насілля станавіліся жанчыны, у 5% — мужчыны, як правіла, пажылога ўзросту, якія скардзяцца на дзяцей-агрэсараў. У пераважнай большасці выпадкаў агрэсарамі выступаюць муж і жонка, былыя муж і жонка ці сужыцелі, іншыя сваякі. Часцей за ўсё адначасова сустракаюцца некалькі відаў насілля — псіхалагічнае, эканамічнае і фізічнае, як правіла, яго выпадкі неаднаразовыя. Звычайна ахвяры насілля не звяртаюцца па дапамогу ў праваахоўныя органы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?