Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пачала расследаванне ў сувязі з незаконным перасячэннем мяжы шведскім самалётам 4 ліпеня, перадае інтэрнэт-рэсурс Delfi.

Як паведамляе Генеральная пракуратура Літвы, расследаванне распачата ў сувязі з незаконным перасячэннем дзяржаўнай мяжы і парушэннем правілаў ажыццяўлення міжнародных палётаў. Дасудовае расследаванне праводзіць Генпракуратура.

Прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс сцвярджае, што будзе прасіць даць інфармацыю аб несанкцыянаваным палёце шведскіх пілотаў з Літвы ў Беларусь.

«Вярнуўшыся з водпуску, я адразу буду прасіць даць больш вычарпальную інфармацыю пра ўсю сітуацыю і ўсе падзеі, звязаныя з гэтак званым „плюшавым дэсантам“. Мы з’яўляемся суседзямі Беларусі, а таксама дзяржавай — членам Еўрапейскага саюза, якая разам з усімі членамі ЕС ажыццяўляе агульную палітыку ў такіх выпадках, як гэты», — сказаў сёння Кубілюс у інтэрв’ю Ziniu radijas.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны і скінуў над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку беларускія ваенныя і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэння мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасці не толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створана камісія прэзідэнта, якая занялася праверкай усіх злучэнняў і воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі. У будучым шэраг прадстаўнікоў сілавых ведамстваў Беларусі былі вызваленыя ад пасад і атрымалі вымовы.

8 жніўня з улікам міжнароднага права і існуючых працэдур беларускі бок звярнуўся да Літвы і Швецыі з просьбай аказаць прававую дапамогу ў расследаванні справы аб парушэнні беларускай мяжы шведскім самалётам.

Генпракуратура Літвы пацвердзіла атрыманне просьбы Беларусі аб прававой дапамозе 9 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?