Вядомы юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, распачаў цыкл артыкулаў, прысвечаных магчымым варыянтам канстытуцыйнай рэформы. Папярэдні быў прысвечаны парламенту.

У Канстытуцыі 1994 г. дзейнасці ўрада адводзілася ўсяго тры артыкулы (106, 107, 108), якія размяшчаліся ў раздзеле 4 «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь».

Урад называўся Кабінет Міністраў і ствараўся пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Свае паўнамоцтвы ён складалі перад ізноў абраным прэзідэнтам.

У адпаведнасці з арт.107 Канстытуцыі чальцы Кабінета Міністраў прызначаліся на пасаду і вызваляліся ад пасады прэзідэнтам. Прэм’ер-міністр, яго намеснікі, міністры замежных справаў, фінансаў, абароны, унутраных справаў, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі прызначаліся і вызваляліся ад пасады прэзідэнтам са згоды Вярхоўнага Савета.

Як бачым,

урад знаходзіўся практычна ў поўнай залежнасці ад прэзідэнта і, па сутнасці, не мог праводзіць якой-небудзь самастойнай палітыкі.

У выпадку парушэння міністрам Канстытуцыі і законаў Вярхоўны Савет мог паставіць перад прэзідэнтам пытанне аб датэрміновым вызваленні яго ад пасады. Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні прымаў прэзідэнт.

У новай рэдакцыі Канстытуцыі, уведзенай пасля рэферэндуму 1996 г., статус урада вызначаецца ў раздзеле 5 пад назвай «Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь». Ён складаецца з тых жа трох артыкулаў (106, 107, 108). Праўда, іх змест зрабіўся больш аб’ёмным.

Так, у арт.106 адзначаецца, што ўрад ажыццяўляе выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь і з’яўляецца цэнтральным органам дзяржаўнага кіравання.

Персанальны склад урада вызначаецца прэзідэнтам. Фармальна для прызначэння прэм’ер-міністра яму патрабуецца атрымаць згоду ад ніжняй палаты парламента — Палаты прадстаўнікоў. У выпадку двухразовай адмовы Палаты прадстаўнікоў у згодзе на прызначэнне прэм’ер-міністра прэзідэнт можа прызначыць выканаўцу абавязкаў прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць новыя выбары.

Прэзідэнт мае права з уласнай ініцыятывы прыняць рашэнне аб адстаўцы ўрада і вызваліць ад пасады любога чальца ўрада.

Як паказала практыка, за час праўлення А. Лукашэнкі было шэсць прэм’ер-міністраў: М. Чыгір (1994–1996), С. Лінг (1996–2000), У. Ярмошын (2000–2001) Г. Навіцкі (2001–2003), С. Сідорскі (2003–2010), М. Мясніковіч (29.12.2010 і да сёння).

У арт.107 новай рэдакцыі Канстытуцыі замацоўваюцца асноўныя паўнамоцтвы ўрада Рэспублікі Беларусь, у тым ліку: распрацоўка асноўных напрамкаў унутранай і замежнай палітыкі і прыняцце мераў па іх рэалізацыі; распрацоўка і прадстаўленне прэзідэнту для ўнясення ў парламент праекта рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; забяспечанне правядзення адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забяспечання і аплаты працы; прыняцце мераў па забяспечанні правоў і свабодаў грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспекі і абароназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю.

Артыкул 108 новай рэдакцыі Канстытуцыі змяшчае адсылку на закон, у якім павінныя атрымаць падрабязнае замацаванне кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці ўрада (у цяперашні час гэта Закон «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь» ад 23 ліпеня 2008 г. са зменамі і дапаўненнямі).

Зразумела, што пры аднаўленні Канстытуцыі 1994 г. варта забяспечыць самастойнасць урада як каманды аўтарытэтных прафесіяналаў, адказных за кіраванне ўсімі сферамі дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

З гэтай мэтай прапануецца ўключыць у тэкст Канстытуцыі новы раздзел 4.1 пад назвай «Урад Рэспублікі Беларусь». Гэта дасць магчымасць больш дакладна вызначыць месца і ролю ўрада ў сістэме органаў улады, а таксама прапісаць механізм яго ўзаемадзеяння з іншымі органамі ўлады. Пры гэтым даваць спецыяльную назву ўраду неабавязкова.

У новай рэдакцыі арт.106 прапануецца пазначыць, што ўрад з’яўляецца найвышэйшым органам выканаўчай улады ў Рэспубліцы Беларусь.

Далей можа быць выкарыстаны змест часткі 1 гэтага артыкула, у якой гаворыцца, што ўрад ствараецца для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады ў галінах эканомікі, замежнай палітыкі, абароны, нацыянальнай бяспекі, аховы грамадскага парадку і ў іншых сферах дзяржаўнага кіравання.

У гэтым артыкуле варта адзначыць, што ўрад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Сойму, а складае свае паўнамоцтвы перад зноў абраным складам Сойма.

Артыкул 107 мэтазгодна прысвяціць парадку фармавання ўрада. У яго склад павінныя ўваходзіць прэм’ер-міністр, яго намеснікі, міністры, іншыя асобы.

Склад урада павінен зацвярджацца Соймам не пазней, скажам, за тры месяцы з дня першага паседжання зноў абранага Сойма.

Парадак фармавання ўрада павінен быць самым дэмакратычным.
Дэпутаты парламента могуць праз партыйныя фракцыі і пастаянныя камісіі вылучаць кандыдатуры чальцоў урада, у тым ліку прэм’ер-міністра і яго намеснікаў. Аднак нельга дапускаць сумяшчэння пасад дэпутата парламента і сябра ўрада, бо гэта прывядзе да непатрэбнай залежнасці парламента ад урада, і наадварот.

Колькасны склад урада не павінен перавышаць 15–18 чальцоў. Іх павінныя ведаць у твар і дэпутаты, і простыя грамадзяне як асобаў, адказных за становішча справаў у краіне. Адпаведна, варта скараціць колькасць міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

Як будзе фармавацца ўрад?

Працэс зацверджання складу ўрада павінен пачынацца з унясення кандыдатуры прэм’ер-міністра. Права вылучэння гэтай кандыдатуры варта падаць старшыні Сойма, які папярэдне павінен правесці кансультацыі з чальцамі Прэзідыума (Рады) Сойма, старшынямі пастаянных камісій і партыйных фракцый Сойма.

Можна дапусціць магчымасць унясення на разгляд парламента некалькіх кандыдатур на пасаду прэм’ер-міністра з правядзеннем рэйтынгавага галасавання.

Прэм’ер-міністр лічыцца абраным, калі за яго кандыдатуру прагаласавала не менш за 2/3 са спісавага складу дэпутатаў Сойма.

У выпадку, калі кандыдатура не атрымае неабходнай колькасці галасоў дэпутатаў, то павінная прапаноўвацца для абрання іншая кандыдатура.

Абраны прэм’ер-міністр за пэўны час (напрыклад, у двухтыднёвы тэрмін) павінен прадставіць Сойму для абрання астатніх чальцоў Урада, уключаючы кандыдатуры намеснікаў. Папярэдне гэтыя кандыдатуры павінныя абмяркоўвацца на паседжаннях пастаянных камісій і партыйных фракцый, а таксама на паседжаннях Прэзідыума (Рады) Сойма.

Для абрання іншых чальцоў урада, у тым ліку намеснікаў прэм’ер-міністра, дастаткова атрымання большасці галасоў дэпутатаў Сойма.

Якія будуць паўнамоцтвы ўрада?

У новай рэдакцыі артыкула 108 Канстытуцыі прапануецца замацаваць наступныя паўнамоцтвы ўрада:

1) распрацоўвае і прадстаўляе на зацверджанне Сойма праект рэспубліканскага бюджэту і рыхтуе справаздачу аб яго выкананні;

2) забяспечвае правядзенне эканамічнай фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забяспечання і аплаты працы;

3) прымае меры па забяспечанні правоў і свабодаў грамадзян, ахове ўласнасці і грамадскага парадку;

4) ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва ў галіне адносін з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі;

5) заключае міжнародныя дамовы і пагадненні, што адносяцца да яго кампетэнцыі;

6) выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь;

7) кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзяржаўнага кіравання і іншых органаў выканаўчай улады;

8) адмяняе акты міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;

9) ажыццяўляе нагляд за мясцовым самакіраваннем у межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі;

10) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі.

Як будзе працаваць урад?

У дадатковым артыкуле 108–1 Канстытуцыі варта прадугледзець, што прэм’ер-міністр ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва дзейнасцю ўрада, прадстаўляе ўрад у адносінах з іншымі дзяржаўнымі органамі, замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі, падпісвае акты ўрада, інфармуе Сойм аб асноўных напрамках дзейнасці ўрада і яго рашэннях, выконвае іншыя функцыі, звязаныя з арганізацыяй і дзейнасцю ўрада.

З тэксту артыкула 107 Канстытуцыі 1994 г. варта захаваць норму аб тым, што парламент мае права заслухаць справаздачу любога чальца ўрада аб яго дзейнасці, у тым ліку па пытаннях выканання законаў.

У выпадку страты ўрадам, прэм’ер-міністрам ці іншымі чальцамі ўрада даверу Сойма можа быць пастаўленае пытанне аб датэрміновым спыненні іх паўнамоцтваў. Аднак у мэтах абароны ўрада ад суб’ектыўных ацэнак з боку дэпутатаў парламента неабходна замацаваць норму аб тым, што пытанне пра страту даверу можа быць пастаўленае не раней за адзін год з дня зацверджання складу ўрада і з ініцыятывы не менш чым паловы дэпутатаў Сойма.

Урад у межах сваіх паўнамоцтваў павінен мець права выдаваць пастановы, абавязковыя на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?