«Не трэба баяцца інтэрнэт-натоўпу» — Адам Глобус пра «Птушак» Насты Манцэвіч
«Калі мы ўздымаем тэму гомасэксуалізму, адразу ў адказ размахваюць крыжамі, зоркамі і іншай сімволікай».
Дэбютная кніга паэткі Насты Манцэвіч выклікала неадназначную рэакцыю ў чытачоў. Паэтка закранае ў кнізе доўгі час табуяваную ў беларускай літаратуры тэму: жаночае аднаполае каханне. Адам Глобус называе вершы Насты Манцэвіч сапраўдным грамадзянскім учынкам.
«Гэта не проста вершыкі, апроч выдатнай літаратурнай формы, яны маюць сацыяльную значнасць, якую мусіць мець кніжка паэта. — кажа Глобус.— У той час, калі нашае грамадства ўсё болей скатваецца ў рэлігійнае цемрашальства, Наста мае сапраўдную грамадзянскую пазіцыю. Калі мы ўздымаем тэму гомасэксуалізму, адразу ў адказ з’яўляецца проста шквал крыкаў незадаволеных, якія размахваюць крыжамі, зоркамі і іншай сімволікай.
Я лічу, што мушу як старэйшы калега падтрымліваць Насту ад наскокаў з усіх бакоў.
Не трэба баяцца тупога натоўпу, тым больш, што гэтыя вершы выдатныя ў літаратурным плане.Трэба зразумець — урэшце ў беларускую літаратуру прыйшло новае пакаленне, якое трэба вітаць.
Пасля «Тутэйшых» быў вялікі правал — нейкіпсеўдаавангард , а вось цяпер з’явілася маладое пакаленне, якое мае свае погляды, сваю пазіцыю».
* * *
Мы крочылі побач
рука ў руку
да пляча плячо
твар у твар
вочы ў вочы
у рот рот.
Так мы ступалі, крочылі
нага ў нагу,
пакуль ты не збочыла.
І цяпер вока за вока,
цяпер — зуб за зуб.
Усё, што ты з сабою забрала
я выскубу, адгрызу —
вярну сабе ўсё,
да сябе вярнуся…
Забяру сабе свае вочы,
з твару змыю твой твар,
адляплю ад вуснаў твае вусны,
вырву руку з рукі.
І калі сэрца сціснецца ад адчаю,
я буду шаптаць як мантру,
што ты — родная,
баючыся паверыць,
што ты чужая.
Каментары