Сваякі мінскага рыэлтара Сяргея Башарымава ўпершыню атрымалі дазвол на спатканне з вязнем турмы КДБ. На ім маці Сяргея Людміла Башарымава даведалася, што да выстаўлення абвінавачвання сын нават не ведаў за што ён сядзіць у турме: «Ніхто побач з намі не сядзеў, мы размаўлялі па тэлефоне, але ўсё праслухоўвалася. Зь іншага боку — нам няма чаго з ім хаваць было.

Ён па-ранейшаму кажа, што ні ў чым не вінаваты, бо колькі людзей працуе ў ягонай кампаніі, то кожны мог апынуцца на яго месцы, — апынуўся ён.
Цяпер ён валодае сітуацыяй, але напачатку нават не ведаў, у чым яго вінавацяць, што гэты самалёт парушыў мяжу — нічога гэтага не ведаў.
Штосьці бачыў па тэлебачанні, а так інфармацыі мала, бо газет там няма.
Ён мае алергію і кажа, што цяжка, калі нехта паліць.
На прагулкі яго выводзяць, кажа, што з ежай таксама спраўляецца. Цяжка, што ён не можа чытаць тое, што хацеў бы, не можа мовы вывучаць, бо кнігі можна толькі набыць, а перадаць туды нельга. Выглядае ён нармалёва і, з аднаго боку, мне крыху лягчэй стала, а з іншага — я выйшла і проста там стаяла...»
Бацькі іншага арыштаванага за «мядзвежы дэсант» фотажурналіста Антона Сурапіна атрымалі ад сына доўгачаканы ліст, адразу на чатырох старонках,
у якіх Антон дзякуе калегам за падтрымку, падбадзёрвае сваякоў.

Бацька вязня сумлення Андрэй Сурапін: «Піша, што ўсё нармальна, дзякуе за падтрымку — ён там адчувае гэта ўсё. Бачыў сам сябе па тэлевізары ў нядзелю і піша, што, ты ж мама, разумееш, што судзіць мяне рана. І смайлік намаляваў, які ўсміхаецца — гэта знак такі, што ён у добрым настроі, каб мы, сваякі, надта не перажывалі і не хваляваліся.

Як ён напісаў: кубкамі валяр’янку ня піце.
Даў нам нумар рахунку, куды можна перавесці грошы, — гэта значыць, што яны там могуць штосьці набыць сабе, я так разумею. Даў адрас, куды можна даслаць тэлеграму. Піша, што спадзяецца, што хутка будзе дома.
Таксама напісаў яшчэ, што мама, тата — дасылаю вам прывітанне ад „упёртага“ сына. Значыць ён там не зламаўся, ня падае духам і ў добрым настроі».

Алена Сурапіна кажа, што адразу ж накіравала Антону тэлеграму і ліст, каб таксама падтрымаць сына: «Я адразу ўвечары даслала тэлеграму: трымайся, мацуйся — мы з табой. А затым ліст напісала, што ўсе трымаюцца і падтрымліваюць яго, што хутка ўсё гэтае вар’яцтва скончыцца, што хвалююся за інстытут, бо хутка верасень. Канечне ж, праз слова, што мы яго чакаем. Хоць крышку гэта дало нейкага спакою, хоць на выходныя дні, калі атрымаецца так, што яго ўсё ж не адпусцяць».

З Антонам Сурапіным і Сяргеем Башарымавым гэтымі днямі таксама маюць спатканьні іх адвакаты.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?