Калі ў мяне пытаюцца, што я буду рабіць на выбарах, я адразу ж пытаюся, пра якія выбары ідзе гаворка (быццам не ведаючы), а потым пачынаю тлумачыць, што буду галасаваць «нагамі» г.зн. ляжаць дома на канапе выцягнуўшы ногі і глядзець тэлевізар.

Як заўсёды, меркаванні нават у межах адной беларускай партыі падзяліліся. Адны выступаюць за актыўны байкот, другія за пасіўны, трэція за тое, каб спачатку зарэгістравацца, а потым зняцца, і нарэшце ёсць такія, якія хочуць ісці на гэтых выбарах, што называецца, «да канца».

Канечне, кожны сумленны чалавек мае вольны выбар і не павінен падпарадкоўвацца рашэнням нейкай там партыі, нават калі з’яўляецца яе чальцом і калі лічыць гэтыя рашэнні несумленнымі. Але, як кажуць, колькі людзей — столькі меркаванняў, і калі кожны чалавек будзе рабіць толькі гледзячы на свае меркаванні, усё будзе нагадваць байку Лафантэна пра лебедзя, рака й шчупака. Прычым кожны будзе даводзіць сваю рацыю.

Я нават не ведаю, з якой краінай параўнаць Беларусь, каб супаставіць з тым, што цяпер робіцца тут.
Здаецца, у ніводнай з краінаў Усходняй Еўропы, якія знаходзіліся ў свой час пад уладай камуністычных дыктатур, не было такога вызвалення ад іх. Маўляў, вось вам і незалежнасць, і вызваленне адразу й без адзінай кроплі крыві. Бярыце, калі ласка. Аднак не, не трэба нам ні свабоды, ні незалежнасці, усё аддамо, абы толькі мець, як кажуць палякі, «свенты спокуй».
Калі венгры, палякі, немцы, чэхі альбо тыя самыя ўкраінцы захавалі сваю нацыянальную тоеснасць, дык нам вельмі часта даводзіцца чуць нават з вуснаў кіраўніка дзяржавы, што мы рускія.
Шмат хто ўжо не атаясамлівае сябе з беларусамі. Большасці грамадства глыбока напляваць на нацыянальную ідэю, свядомасць, хай пакуль што беларускую, і г.д. Людзі ж свядомыя, ці, як бы я іх назваў, неабыякавыя, цяпер таксама на раздарожжы. У большасці гэтых людзей у свядомасці дыктатар і пратэст, а зусім не нацыянальная ідэя. Пануе думка, што спачатку трэба зрынуць дыктатуру, а потым ужо брацца за нацыянальнае адраджэнне, калі, канечне, потым гэта яшчэ спатрэбіцца. Таму, мабыць, на Алімпіядзе ў Лондане Гродна да апошняга быў расійскім горадам, а Беларусь як такая не асацыявалася з незалежнай дзяржаваю.
Таму пра якія выбары тут можна казаць, калі сп. Ярмошына кажа пра іх як пра будзённую, але ўрачыстую працэдуру, а не пра як нейкі лёсавызначальны крок?
Калі ўсе звыклі, што кіраўнік дзяржавы ў нас нязменны, а нейкія там партыі квола кажуць пра рэформы ў выбарчае заканадаўства й пагражаюць пальчыкам дыктатару, патрабуючы вызвалення палітвязняў? А то, маўляў, паздымаем сваіх кандыдатаў.
А цяпер… якія могуць быць выбары? Дапусцяць не праўладных кандыдатаў у палатку? Не.
Каго й дзеля чаго выбіраць? Дзеля каго й дзеля чаго ладзіць актыўны альбо пасіўны байкот? Няма нацыянальнай ідэі, няма нацыянальнай дзяржавы, няма нацыянальнай свядомасці.

А зладзіць той ці іншы пікет дзеля агітацыі… Не варта ўвязвацца ў гэтую гульню, бо можна запэцкацца, а грамадства так нічога і не зразумее, бо яшчэ не даспела.

Выбарчым жа камісіям патрэбна толькі адно — подпісы шаноўнага спадарства ў спісах выбаршчыкаў.
Я такой радасці ім даць не магу дый не хачу.

Таму я, калі будзе добрае надвор’е, паеду з сябрамі куды-небудзь на прыроду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?