Установы прафтэхадукацыі Мінска ўкамплектаваны навучэнцамі на 84%.
Аб гэтым паведаміў сёння на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме старшыня камітэта па адукацыі гарвыканкама Уладзімір Шчэрба.
Найбольшая колькасць свабодных месц ва ўстановах прафтэхадукацыі будаўнічага профілю і лёгкай прамысловасці. Каб папоўніць недабор, навучальныя ўстановы прадоўжылі тэрмін падачы дакументаў да 1 верасня.
«Мы разлічваем, што план набору будзе выкананы», — адзначыў Уладзімір Шчэрба.

Больш за 40% ад планавых лічбаў прыёму прыпадае на падрыхтоўку кадраў для будаўнічай галіны. У адпаведнасці з запатрабаваннямі рынку працы і сацыяльна-эканамічнага комплексу горада будзе

адкрыта падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях, такіх як «гасцінічная гаспадарка» (кваліфікацыя «пакаёўка»), «укладчык падлогавых пакрыццяў».
Спецыяльнасць «тэхнічная эксплуатацыя абсталявання» па кваліфікацыі «слесар-зборшчык бытавой тэхнікі 4-га разраду» адкрывае Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй нумар 6 прыборабудавання. Як правіла, конкурс на новыя прафесіі дастаткова вялікі.
У 2011 годзе ў дзясятку найбольш запатрабаваных прафесій увайшлі праваднік пасажырскага вагона, білетны касір, памочнік машыніста, цырульнік, візажыст, тынкоўшчык, маляр, абліцоўшчык-плітачнік, повар, кулінар мучных вырабаў.
Папулярныя былі таксама прафесіі ў сферы абслугоўвання, машынабудавання, электронікі і, у прыватнасці, новая спецыяльнасць «мехатроніка». Сярэдні бал паступаючых ва ўстановы прафтэхадукацыі Мінска ў мінулым годзе вар’іраваўся ад 3,1 да 9 у залежнасці ад прэстыжнасці прафесіі.

Недабор у мінулым годзе быў па такіх прафесіях, як муляр, мантажнік будаўнічых канструкцый, мастаўшчык, электразваршчык, бетоншчык, абвальшчык мяса, сталяр, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, страхар па металічных дахах. Праблемнымі аказаліся спецыяльнасці будаўнічага профілю, перапрацоўчай прамысловасці, дзе выкарыстоўваецца цяжкая ручная праца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?