ІІ фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» пройдзе ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці 24–25 жніўня,
паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка.

Удзельнікамі свята стануць выканаўцы і захавальнікі народнай культуры Беларусі, майстры і рамеснікі з васьмі раёнаў Гомельскай (Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі) і 3 раёны Брэсцкай (Лунінецкі, Пінскі, Столінскі) абласцей, сотні ганаровых гасцей з далёкага і блізкага замежжа. Разам з самадзейнымі калектывамі выступяць знакамітыя артысты Гомельшчыны і Брэстчыны. Асаблівы каларыт фестывалю надасць удзел у якасці гасцей прафесійных артыстаў Беларусі.

Асноўная мэта фестывалю — захаванне і папулярызацыя этнакультурных традыцый Прыпяцкага Палесся, якія з’яўляюцца здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі.

У праграме мерапрыемства конкурс падворкаў, дзе будуць прадстаўлены спрадвечна палескія промыслы, а таксама конкурс харавых калектываў і вакалістаў, якія раскрыюць унікальнасць народнай творчасці палешукоўскага краю. Таксама пройдуць майстар-класы кавальскай справы, бортніцтва, лозапляцення і іншых відаў рамесніцтва, спаборніцтвы рыбаловаў і гонкі на чаўнах. Для ўдзельнікаў і гасцей будзе арганізавана катанне на цеплаходах, маторных і вёсельных лодках, на запрэжаных у карэты конях. Для маленькіх палешукоў адкрыецца дзіцячы гарадок атракцыёнаў, гульняў і забаў.

Таксама гэтымі днямі адбудзецца адкрыццё музея прыроды Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», правядзенне круглага стала з удзелам вядучых тураператараў Беларусі, прэзентацыя відэафільма аб Палессі і шмат іншага.

Упершыню фестываль этнакультурных традыцый прайшоў у верасні 2010 года, удзельнікамі якога сталі каля 5,5 тыс. чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?