Выбраныя творы знанага майстра гістарычнай прозы Кастуся Тарасава склалі новы том выдавецкага праекту «Беларускі кнігазбор». Кніга з’явілася з друку ў так званай залатой серыі, пад чырвонымі вокладкамі якой ад 1996 года выходзяць найлепшыя творы беларускай мастацкай літаратуры.

У літаратуру ён прыйшоў даволі позна, маючы дыплом хімічнага факультэта Беларускага палітэхнічнага інстытута ды амаль дваццацігадовы досвед працы на розных прамысловых прадпрыемствах.
Ды і пражыў не так шмат, раптоўна пакінуўшы гэты свет на сямідзясятым годзе. Але напісанае ім застанецца ў каштоўнай скарбонцы беларускай гістарычнай прозы, кажа адзін са складальнікаў тома галоўны рэдактар «Беларускага кнігазбору» Кастусь Цвірка. І дадае, што
выбраць творы для адной кнігі Тарасава было няпроста, бо амаль усё з вялікай колькасці напісанага ім вартае залатой серыі.
«Мы палічылі, што добра будзе выдаць раман гістарычны „Пагоня на Грунвальд“. І далі яшчэ „Скарб Нясвіжскага замка“,
паколькі ён не выходзіў асобнай кнігай, толькі друкаваўся ў „Дзеяслове“. Аўтар тут расказвае пра методыку сваіх пошукаў, так як герой гэтай аповесці шукае скарб Нясвіжскага замка. Таму аповесць уяўляе шляхі пошукаў самога аўтара ў розных яго гістарычных творах».
Уключаныя ў том і гістарычныя эсэ з кнігі «Памяць пра легенды», якая адразу па выхадзе трыццацітысячным накладам у 1984 годзе зрабіла Кастуся Тарасава знакамітым.

Асобны раздзел складаюць эсэ, якія можна лічыць працягам «Памяці пра легенды», і якія былі надрукаваныя на старонках газеты «Новы час», але не выходзілі асобнай кнігай.

Завяршаюць том аўтабіяграфічныя нататкі, якія прыўздымаюць заслону над асобай пісьменніка, які ўвесь свой час аддаваў самотным росшукам забытых старонак роднай гісторыі і настолькі не любіў публічнасці, што нават на вечарыну, зладжаную Таварыстам беларускай мовы ў гонар ягонага шасцідзесяцігоддзя, не прыйшоў.
Аўтар прадмовы да кнігі Уладзімір Арлоў так ахарактарызаваў свайго старэйшага калегу: «Кастусь Тарасаў ведаў, што гісторыя — гэта не толькі перамогі і ўзлёты светлага чалавечага духу, але — можа яшчэ часцей — гэта горкія паразы, рэнегацтва, чорныя здрады з падзеннем у пекла без ніякага спадзявання на прыпынак у чыстцы. Магчыма, ён, як ніхто іншы, адчуваў (і прадчуваў) трагізм беларускай гісторыі, калі краіна зноў і зноў апынаецца перад мяжой, за якой — нацыянальнае небыццё».

Выдадзены том твораў Кастуся Тарасава — шэсьцьдзесят першы з задуманых двухсот у «Беларускім кнігазборы». Пра далейшыя выданні гэтага ўнікальнага праекта гаворыць ягоны дырэктар Генадзь Вінярскі:

«У гэтым годзе мы плянуем яшчэ — вось літаральна днямі збіраемся здаць у друк — выбранае вядомага беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча і таксама выбраныя творы Алеся Адамовіча.
Таксама яшчэ ў планах ёсць выданне кнігі беларускага пісьменніка з Расіі Валерыя Казакова».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?