Знятыя на фота ў Мінску разам з братам экс-прэзідэнта Кыргызстана Жанышам Бакіевым людзі знаходзяцца ў вышуку па справе аб патройным забойстве

былога кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Кыргызстана Медэта Садыркулава, дырэктара Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Сяргея Слепчанкі і кіроўцы Кубата Сулайманава. Пра гэта паведамілі ў Галоўным упраўленні крымінальнага вышуку МУС Кыргызстана, паведамляе кыргызскае інфармагенцтва 24kg.org.

Па звестках ведамства, на фотаздымку, які днямі з’явіўся ў СМІ і сацыяльных сетках, знятыя Жаныш Бакіеў, Рустам Сайдуеў і Тахір Рысаліеў.

«Здымак зроблены відавочцамі у цэнтры Мінска каля элітнай беларускай кавярні „Грунвальд“ на вуліцы Маркса, непадалёк ад Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
На ім грамадзяне КР, абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук, — былы старшыня Службы дзяржаховы Жаныш Бакіеў, а таксама яго аднакурснік і экс-намеснік СДА Тахір Рысаліеў, 1957 года нараджэння, ураджэнец Нарынской вобласці, і Рустам Сайдуеў, 1976 года нараджэння, ураджэнец Джалал- Абадскай вобласці, блізкі сябар Максіма Бакіева», —
адзначаюць у ГУУР.
Як паведамляецца, усе трое абвешчаныя ў міжнародны вышук і праходзяць як асноўныя падазраваныя па справе аб патройным забойстве.
«Кіраўніцтва ГУУР МУС КР некалькі разоў адпраўляла запыт у праваахоўныя органы Беларусі пра месцазнаходжанне гэтых асоб і кожны раз атрымлівала адказ, што звестак пра іх не маецца», — дадалі ў ведамстве.
Напярэдадні ў МЗС КР быў выкліканы беларускі амбасадар, якому ўручана вербальная нота.

Афіцыянткі «Грунвальда» пазналі на фота чалавека, падобнага да Жаныша Бакіева, і распавялі карэспандэнтам «Салідарнасці», што ён да іх заходзіць: «Не часта, але бывае. А вось чалавек за ім — бывае значна часцей». Паводле іх словаў, Бакіеў звычайна прыходзіць у суправаджэнні некалькіх мужчынаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0