Віталь Радзівонаў зрабіў дубль, як і ў матчы з "Вардарам"

Віталь Радзівонаў зрабіў дубль, як і ў матчы з "Вардарам"

Віталь прымае віншаванні

Віталь прымае віншаванні

Валяць Глеба

Валяць Глеба

Глеба не дагнаць

Глеба не дагнаць

Радзівонаў у абдымках партнёраў

Радзівонаў у абдымках партнёраў

Пасля гульні БАТЭ доўга вітала заўзятараў

Пасля гульні БАТЭ доўга вітала заўзятараў

Арцём Радзькоў вітае фанатаў.

Арцём Радзькоў вітае фанатаў.

Віктар Ганчарэнка пасля гульні быў задаволены. Пастаўленая задача -- выйграць з сухім лікам -- выканана.

Віктар Ганчарэнка пасля гульні быў задаволены. Пастаўленая задача -- выйграць з сухім лікам -- выканана.

93+

Ізраільцяне ўнаглую зрываюць перспектыўны выхад БАТЭ. Эльяд Габай атрымлівае картку, але нечага небяспечнага выціснуць не атрымліваецца. Фінальны свісток.

2:0 добры лік, але прызнацца шчыра, магло быць яшчэ лепш. Перад выездам у Ізраіль можна адчуваць сябе больш-менш упэўнена.

90-ая

Чатыры хвіліны дадае арбітр.

85-ая

Васілюк б'е вышэй. Яшчэ адзін шанец зрабіць лік буйным.

81-ая

Які вярняк толькі што запаролі барысаўцы. Толькі і застаецца, што хапацца за галаву. Не змаглі вызначыцца, хто будзе біць. А які быў шанец паехаць на Блізкі Усход з звышкамфортнай перавагай.

Апошняя замена ў БАТЭ замест Брэсана выйшаў Сівакоў.

78-ая

2:0!!! Ну дзякуй Богу!!! Віталь Радзівонаў афармляе дубль. Шэдэўральную перадачу яму аддаў Аляксандр Валадзько. Мяч ад штангі ціхенька заляцеў у вароты.

77-ая

Рэнан Брэсан атрымаў «гарчычнік». Нейкая гульня стала бязглуздай. Мо часова.

73-ая

Імпазантны балельшчык на паўстадыёна просіць свайго калегу больш не дудзець. Словы сустракаюць апладысментамі не меншымі, чым за фінты Глеба.

У «Хапаэля» тым часам трэцяя замена. У БАТЭ засталася яшчэ адна.

70-ая

Ну вось і дагуляліся да чырвонай карткі госці, не здарма я папярэджваў у першым тайме, што трэба лічыць папярэджанні. Поле пакінуў серб Душан Матавіч. Ну, можа, цяпер троху паоягчае.

68-ая

Да Гарбунова прэтэнзій сёння няма ніякіх. Здзіўляе, што Георгій Кандрацьеў на брамніка ўвагі не звяртае, а выклікае ў зборную дублёра Гутара. Зрэшты, Кандрацьеву лепш бачна.

65-ая

Трывожна неяк становіцца. «Хапаэль» смялей ідзе наперад. Зарабляюць перспектыўны штрафны ўдар. Праўда, б’юць вышэй варот.

62-ая

Адразу двайную замену робіць Віктар Ганчарэнка. Поле пакінулі Дзмітрый Ліхтаровіч і Дзмітрый Мазалеўскі, з’явіліся Аляксандр Паўлаў і Раман Васілюк.

60-ая

Накаляюць сітуацыю ізраільцяне, беларусы ўсё болей ціснуць да сваіх варот. У гасцей узнікаюць моманты, але гта дазваляе БАТЭ гуляць на контратаках. Мазалеўскі выбягаў на вароты, але ўдарыць не змог. Прыйшоў час Васілюка?

58-ая

Тэмп гульні не такі ўжо вясёлы, як у першым тайме. БАТЭ разумее, што прапускаць дома нельга ні ў якім выпадку. Ховард Уэб усё меней пачынае падабацца барысаўскай тарсідзе.

53-ая

Ховард Уэб не рэагуе на запэўніванне барысаўцаў і трыбун, што пасля ўдара гаспадароў мяч трапіў у руку абаронцы. Няма пенальці, а вось Мазалеўскаму балюча.

Ізраільцы правялі першую замену. Замест Бен Вахабы на полі з’явіўся Ахмед Абед.

50-ая

Пачатак другіх таймаў для БАТЭ быў самым складаным перыядам у гульнях дома з «Вардарам» і «Дэбрэцэнам». Спадзяёмся, Ганчарэнка знайшоў супрацьяддзе гэтага бяссілля.

46-ая

Пагналі! Другі тайм. Здаецца, пакуль без замен. А на замене ў нашых Гутар (брамнік), Юрэвіч, Канцавы, Паўлаў, Аляхновіч, Сівакоў, Васілюк.

47+

Перапынак.

45-ая

Нешта перад свістком на перапынак госці актывізаваліся. Нашаму кіперу яшчэ раз прыйшлося ўступіць у гульню.

Глеб панічна баіцца біць па варотах шукае, зручную нагу, пакуль перабірае, абаронцы паспяваюць небяспеку нейтралізаваць. А ў абаротцы ўжо той Абіхазіра зноў прабачае нашых. У перапынку трэба супакоіцца нашым.

43-ая

За атакай барысаўцы часам забываюцца на абарону. Правал у задняй лініі нашай каманды мог рэалізоўваць Шыман Абіхазіра. Гарбунову ўсё ж фарціць у новай форме:) Брава!

40-ая

Сам не паверыў у сваё шчасце Мазалеўскі. Дзіма выскачыў перад Амосам як Піліп з канапель, забівай не хачу. Хаця брамнік супернікаў хлопец класны, цягне вельмі шмат. «Хапаэлю» пашанцавала з вартаўніком варот.

38-ая

Не хочацца пакуль забягаць наперад, але выглядае, што сённяшні матч БАТЭ найлепшы ў гэтым сезоне. Татальны кантроль мяча, шмат вострых момантаў. Толькі вось адзін мяч неяк сіратліва выглядае ў варотах «Хапаэля», трэба другі забіваць.

35-ая

Равіль Газаль атрымаў жоўтую картку. Лічым, раптам дойдзе да выдалення. Глеб тым часам прастрэльваў у штрафную, але замыкаць не было каму. Прыдушыў БАТЭ суперніка. Вельмі салідна выглядае.

Збіўся з ліку не толькі вуглавых, але і небяспечных момантаў. Глеб і Брэсан — гэта нешта вельмі выбухованебяспечнае.

30-я

Гооооол!!! Апынулася, што папярэдняя спроба была ўсяго толькі прыстрэлкай. Ужо ў наступнай атацы Віталь Радзівонаў не прамазаў. Цудоўна прыняў мяч у штрфаной, па-прафесарску, хоць ты бяры ў метадычкі, развярнуўся, і злавіў Амоса на супрацьходзе. Нашы выйграюць і штосьці здаецца гэты гол быў не апошнім — 1:0.

29-ая

А вось у Радзівонава галавой хутчэй атрымаўся своесаблівы тычок, а не асэнсаваны ўдар. Для варатара гэта семечкі.

26-я

Гульня не дае расслабіцца ні на хвіліну. Гледачы гэта ацэньваюць па справе. Дарэчы, іх ужо можа тысяч 18–20.

Тым часам Душан Матавіч атрымлівае папярэджанне. Цяпер ужо груба гуляюць супраць Глеба.

23-я

Чарговая небяспека прыходзіць да варотаў «Хапаэля» з правага фланга. Зноў прадзіраецца Віталь Радзівонаў, выкладвае пас на Брэсан. І наш бразілабеларус трапляе ў штангу самы востры момант.

Можна заблытацца ў колькасці вуглавых, што падае БАТЭ. Праўда, яны не вельмі небяспечныя.

Тым часам Глеб атрымлівае картку за зрыў атакі, звычайна на ім зрываюць.

18-ая

Гарбунову даводзіцца ўступіць у гульню пасля далёкага ўдара венгра Ласла Ленчэ.

Бардачоў, здавалася, момант ужо страціў, але змог прабіць па варотах — Амос на месцы.

15-я

Якія ж сёння разумныя перадачы робяць барысаўцы. Кожная ідзе на абвастрэнне. Але тонкае, каб парвалася знайсці ў ізраільцян не могуць.

Вось і першы момант стварылі ізраільцяне. На шчасце, вышэй варот.

11-ая

Амос ловіць кураж. Трэба яму ўсё ж забіць пахутчэй і не даваць адчуць упэўненасць яшчэ болей. Выцягнуў удар галавой пасля штрафнога. Праўда, і лайсмен афсайд запаліў. Шырока гуляе БАТЭ, прыгожа.

7-ая

Глеб сваімі фінтамі зрывае глядацкія авацыі. Трыбуны актыўныя.

5-ая

БАТЭ стварыў ужо два вострых моманты. Спачатку пасля ўдару Валадзько Даніэль Амос выцягнуў мяч на вуглавы. А ў наступнай атацы Глеб мог біць сам, але скаціў на Ліхтаровіча. Удар у капітана быў моцны, але па цэнтры варот. Вясёленькі футбольчык.

3-ая

Гарбуноў здрадзіў сабе і выйшаў на гульню не ў штанах, а даволі гламурным касцюмчыку. Мо хоча новую «сухую» серыю ў ім пачаць.

Радзівонаў двойчы праходзіў па правым фланзе. Адзін раз абаронца, другі — вуглавы.

1-ая хвіліна

Пагналі! Футбалісты сапраўды троху зліваюцца, ці то зрок падводзіць.

21:40

А вось і каманды. БАТЭ будзе гуляць у сіняй форме, «Хапаэль» — у чорнай. Адрозніваць каманды праз такую колеравую гаму будзе не так і лёгка.

Амаль не сказаў пра галоўнае. А суддзі хто? Арбітр у нас сёння птушка важная. Англічанін Хорвард Уэб. Той самы, што судзіў фінал апошняга чэмпіяната свету. Удачы яму.

21:37

Уключылі гімн БАТЭ. Пад яго на поле выходзяць хлопчыкі, што будуць трымаць сімвал Лігі чэмпіёнаў. Уласна кажучы, праз некалькі хвілін павінны ўключыць і галоўную песню гэтага турніру. Чакаем на выхад каманд.

21:32

«Хапаэль» каманда маладая, заснаваная толькі ў 2000 годзе. Сёлета яна ўпершыню стала чэмпіёнам Ізраіля. У першых раўндах ізраільцяне перамаглі чэмпіёнаў Славакіі і Азербайджана, БАТЭ — Македоніі і Венгрыі. Кір’ят-Шмона — гэта невялікі горад у Ізраілі на мяжы з Ліванам.

Беларускія і ізраільскія клубы перасякаліся чатыры разы. Пераможцамі двойчы выходзілі нашы, двойчы — супернікі. Цікава, што ўсе супернікі былі з горада Хайфа. Цяпер вось пашырэнне геаграфічных межаў.

21:27

Гледачоў, можа, тысяч сем пакуль. Але да гульні застаецца больш за дваццаць хвілін, павінны падцягнуцца яшчэ. У асноўным усе сядзяць па цэнтры. На гэты раз не было на зэдлік так любімых пакетаў з выявай БАТЭ. Барысаўскім заўзятарам, што прывыклі да чысціні Гарадскога стадыёна, гэта не вельмі падабаецца.

Надвор’е матчу вельмі нават спрыяе. Перад гульнёй спрабаваў пайсці дожджык, але толькі крышку асвяжыў поле.

21:24

Дыктар стадыёна «Дынама» павітаў гледачоў на беларускай мове. Праўда, склады каманд пачаў абвяшчаць ужо па-расейску. Пазнаёмім і мы вас з футбалістамі, што выбраў на матч Віктар Ганчарэнка: Гарбуноў, Ліхтаровіч, Валадзько, Брэсан, Мазалеўскі, Радзькоў, Глеб, Бардачоў, Радзівонаў, Сіміч, Палякоў.

Звяртае на сябе ўвагу, што ў асноўным складзе разам выйшлі Глеб і Брэсан, раней гэтыя гульцы не выходзілі на поле адначасова. Што ж, будзе цікава.

***

Сёння на мінскім стадыёне «Дынама» пройдзе першы матч плэй-оф кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў БАТЭ (Барысаў) — «Хапаэль» (Кір’ят-Шмона, Ізраіль).

Пачатак у 21:45. Цана квіткоў — 20 000, 30 000, 50 000. Яны яшчэ ёсць у касах.

Матч у адказ пройдзе 28 жніўня ў Ізраілі.

Пераможца двубою выйдзе ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў, каманда, што прайграе будзе гуляць у Лізе Еўропы. Гэта пятая запар футбольная восень для БАТЭ. Два разы барысаўскі клуб гуляў у групавым турніры ЛЧ (2008, 2011), два разы ў Лізе Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?