У ЗША колькасць людзей, якія заразіліся так званым «вірусам Заходняга Ніла», за апошні тыдзень павялічылася больш чым на 60%. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя ЗША.

Паводле дадзеных амерыканскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў, у гэтым годзе было зарэгістравана 1118 выпадкаў гэтага захворвання, больш за сорак чалавек памерлі.

Толькі за апошні тыдзень захварэлі каля 700 чалавек і памерлі 36.

Федеральныя ўлады пастаўленыя ў тупік імклівым распаўсюджваннем гэтай хваробы. Больш за палову хворых у гэтым годзе — жыхары Тэхаса, аднак цяпер «вірус Заходняга Ніла» знойдзены ў 47 штатах, у 38 з іх гэта захворванне зарэгістравана ў людзей.

Ва Усходняй Еўропе таксама вірус імкліва распаўсюджваецца. Напрыклад, у Расіі ў Валгаградскай вобласці знаходзіцца каля 100 чалавек з падобным дыягназам, двое ўжо памерлі.

Пераносчыкамі вірусу з’яўляюцца камары, а таксама птушкі і грызуны. Ліхаманка Заходняга Ніла мае выразную сезоннасць — з чэрвеня па кастрычнік, калі ўмовы для распаўсюду камароў найбольш спрыяльныя. Упершыню вірус ліхаманкі Заходняга Ніла быў знойдзены ва Угандзе ў крыві хворай жанчыны ў 1937 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?