Падчас цэнтралізаванага тэставання гэтага года «асаблівае абурэнне выклікалі зневажальныя выхадкі» абітурыентаў, заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу — кіраўнік дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2012 годзе Анатоль Рубінаў 24 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, 25 чалавек, у тым ліку адна дзяўчына, у бланках цэнтралізаванага тэставання замест адказаў пакінулі нецэнзурныя выразы.

«Я не ведаю, што ў людзей у мазгах. Гэта нейкі пратэст супраць чагосьці? Супраць чаго? Уласнай дурасці, уласнага невуцтва?» — здзівіўся Рубінаў. Паводле яго слоў, трэба высветліць, у якіх школах вучыліся гэтыя абітурыенты, каб не дапусціць паўтору сітуацыі.

Рубінаў падкрэсліў, што дзяржкамісія анулявала вынікі выпрабаванняў ЦТ гэтых абітурыентаў, незалежна ад таго, выканалі яны заданні ці не.

Усяго, паводле слоў Рубінава, у ЦТ гэтага года ўзялі ўдзел прыкладна 139 тыс. абітурыентаў. Падчас іспытаў ад удзелу ў ЦТ былі адхілены 44 абітурыенты — за выкарыстанне мабільных тэлефонаў, шпаргалак і іншыя парушэнні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?