Сям’я Завадзкага — маці Вольга Рыгораўна, жонка Сьвятлана, сын Юры — цяпер не адзначаюць дзень народзінаў Зьмітра, бо для іх гэта вельмі балюча. Радыё Свабода павіншавала Вольгу Рыгораўну: «Дзякуй вялікі, дзякуй».
Карэспандэнтка: «Скажыце, можа, ёсьць нейкія зрухі, навіны ў справе Зьмітра?»
«Нічога, нічога. Чым далей, тым больш цішыні. Вось ужо 12 год прайшло, трынаццаты пайшоў, як зьнік сын. А там хутка ўжо 15, і тады ўжо можна будзе закрыць справу, як кажуць, „за сканчэньнем тэрміну даўнасьці“».
Карэспандэнтка: «Вольга Рыгораўна, а ўсё ж у сям’і, з унукам вы неяк адзначаеце, узгадваеце дзень народзінаў Дзімы?»
«Не. Толькі сама. Сьвятлана тэлефануе. А ўнук Юры нешта даўно не званіў. А наагул мы кантактуем. І Сяржук, муж Сьвятланы, да мяне прыходзіць. Мы сябруем».
Сябар і калега Зьмітра Завадзкага Павал Шарамет кажа:
«Мы кожны раз памятаем і дзень, калі Зьміцер быў выкрадзены, і дзень ягонага нараджэньня. Дзень народзінаў — гэта такое складанае для ўсіх ягоных блізкіх сьвята, таму што вельмі балюча. Гэта сапраўды сьвята са сьлязьмі на вачах. Але ніхто нічога не забыўся.І Першы канал, дарэчы, дагэтуль падтрымлівае сям’ю. Проста прайшло шмат гадоў, і падаецца, што ўсё гэта пакрылася такім покрывам гісторыі і часу. Але ўсё гэта ня так. Такія справы ня маюць тэрміну даўнасьці. Мы проста чакаем нейкіх істотных пераменаў у беларускім жыцьці, каб завяршыць і гэтую трагічную гісторыю».
Пачынаючы з 2000 году, пракуратура чатыры разы закрывала і аднаўляла расьсьледаваньне справы аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага. Апошні раз крымінальная справа была прыпынена ў красавіку 2006 году.