Любімыя многімі занатоўкі Валянціны Доўнар у аўтарскай рубрыцы «Простая мова» «Звязды».
Калi б нехта спытаў, чаго хочуць жанчыны, адказала б (цi не за ўсiх?): «Прачынацца без будзiльнiка». Але...
Маленькi, гарласты, ён ужо адзвiнеў.
Адсвiстаў, закiпеўшы, чайнiк.
На парадку цяпер гук, так бы мовiць, трэцi (з разраду заўсёдных): без дзесяцi, без пятнаццацi сем з суседняга пад’езда куляй выскачыць маленькi рыжы сабачка i радасна зацяўкае, вiтаючы ўсiх прахожых i праезджых, ганяючы птушак i катоў. Пацешнае стварэнне...
З пункту гледжання тых, у каго будзiльнiк ужо адзвiнеў.
Яна — о‑го‑го. А вы?
Ранiчка, нядзеля, гастраном i чарга ля касы. Дзве кабеты наперадзе.
— Не выспалася, — вiнавата пазяхаючы, скардзiцца адна. — Да мамы ўчора хадзiлi. На дзень народзiнаў.
— О‑о... I колькi ж ёй?
— 79 стукнула... Усiх сабрала — дзяцей, унукаў. Такi стол зрабiла... Але, бедная, i заснула за iм. Пад гарачае.
— Ну, дык зразумела ж — натупалася. Ды i старая.
— Не, яна ў нас о‑го‑го яшчэ! Напярэдаднi ў зале шпалеры паклеiла, падлогi пафарбавала.
— Наймала некага?
— Не. Сама...
— А Божа ж мой!.. Як?! — жахнулася суразмоўца.
I не зразумець было, што, канкрэтна, гэтак здзiўляе? Тое, што жанчына ў такiя гады ўсё зрабiла, цi тое, што сям’я яе (i, вiдаць, не малая?) зрабiць гэта ёй дазволiла?