Вядомы юрыст, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, распачаў цыкл артыкулаў, прысвечаных магчымым варыянтам канстытуцыйнай рэформы. Папярэдні быў прысвечаны мясцоваму самакіраванню.

Раздзел VI Канстытуцыі 1994 г. называецца «Дзяржаўны кантроль і нагляд» і ўключае ў сябе тры раздзелы: раздзел 6 "Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь», раздзел 7 «Пракуратура» і раздзел 8 "Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь».

Пасля аднаўлення дзеяння Канстытуцыі 1994 г. названыя органы ўлады трэба ўзнавіць на адпаведнай прававой аснове і, магчыма, з некаторымі зменамі і дапаўненнямі.

Канстытуцыйны суд (Канстытуцыйны трыбунал) Рэспублікі Беларусь

Вышэй гаварылася пра магчымасць перайменавання Канстытуцыйнага суда ў Канстытуцыйны трыбунал. Гэта дазволіць адрозніваць яго ад іншых судоў, а таксама будзе падкрэсліваць яго статус як трыбуны канстытуцыйнага правасуддзя.

Да таго ж варта мець на ўвазе, што ў Рэспубліцы Польшча орган судовага канстытуцыйнага кантролю называецца Канстытуцыйным трыбуналам.

Аднак пытанне аб назве гэтага органа не мае прынцыповага значэння. Больш важным з'яўляецца пытанне аб пашырэнні яго кампетэнцыі.

Грунтуючыся на досведзе еўрапейскіх органаў канстытуцыйнага правасуддзя, прапаноўваецца акрамя праверкі на прадмет канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў даць Канстытуцыйнаму суду (Канстытуцыйнаму трыбуналу) дадатковыя паўнамоцтвы, а менавіта:

1) правяраць на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права праектаў міжнародных дамоваў і пагадненняў, якія падлягаюць ратыфікацыі Рэспублікай Беларусь;

2) правяраць на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права фармулёвак пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскія рэферэндумы;

3) даваць тлумачэнне палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь што да канкрэтных выпадкаў;

4) разглядаць скаргі грамадзян на парушэнне іх канстытуцыйных правоў і свабодаў пры выкананні пэўных умоваў.

Дамо кароткае абгрунтаванне новым паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда (Канстытуцыйнага трыбунала). Так, па-за сферай канстытуцыйнага кантролю заставаліся міжнародныя дамовы і пагадненні, якія заключаліся ад імя Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым не заўсёды ўлічваліся палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку норма аб праве народа на самавызначэнне (прэамбула Канстытуцыі).

Сумны досвед правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў у Беларусі патрабуе распаўсюдзіць канстытуцыйны кантроль на фармулёўкі пытанняў, якія выносяцца на ўсенароднае абмеркаванне. Гэтая працэдура павінная мець абавязковы характар, гэта значыць, Канстытуцыйны суд (Канстытуцыйны трыбунал) павінен правяраць усе прапанаваныя на рэферэндум пытанні на прадмет іх адпаведнасці Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь, а таксама агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Не менш важным уяўляецца паўнамоцтва Канстытуцыйнага суда (Канстытуцыйнага трыбунала) даваць тлумачэнне палажэнняў Канстытуцыі што да канкрэтных выпадкаў. У сілу сваёй дзейнасці орган канстытуцыйнага кантролю лепш за іншых дзяржаўных органаў можа растлумачыць змест і сэнс палажэнняў Канстытуцыі. Гэта будзе садзейнічаць развіццю канстытуцыйнага заканадаўства, а таксама зробіць Канстытуцыю «жывым законам»

Шмат гаварылася і пісалася пра права грамадзян на падачу канстытуцыйнай скаргі, гэта значыць на зварот у Канстытуцыйны суд у выпадку парушэння іх асноўных правоў і свабодаў. Гэтае права неабходна замацаваць на канстытуцыйным узроўні і прадугледзець адпаведную працэдуру яго рэалізацыі.

Вывучэнне інстытута канстытуцыйнай скаргі ў замежных краінах паказвае, што грамадзяне могуць звяртацца ў орган канстытуцыйнага кантролю пры выкананні шэрагу ўмоваў. Гаворка пра абарону не ўсіх канстытуцыйных правоў і свабодаў, а, як правіла, грамадзянскіх і палітычных; прадугледжваецца магчымасць папярэдняга судовага абскарджання; уводзяцца абмежаванні ў дачыненні кола нарматыўных актаў, якія падлягаюць такому абскарджанню (напрыклад, толькі законы).

Трэба будзе ўсталяваць свае абмежаванні пры выкарыстанні інстытута канстытуцыйнай скаргі. Уяўляецца, што грамадзянін можа падаваць такую скаргу ва ўсіх выпадках парушэння яго канстытуцыйных правоў і свабодаў, калі меркаванае парушэнне мае месца ў нарматыўным прававым акце, выдадзеным адпаведным дзяржаўным органам. Варта дазволіць непасрэдны зварот у орган канстытуцыйнага кантролю, абыходзячы папярэднія інстанцыі (агульныя суды).

Што да органаў мясцовага самакіравання (мясцовых саветаў дэпутатаў і іх выканаўчых і распарадчых органаў), то яны, згодна з еўрапейскім стандартам, не адносяцца да ліку дзяржаўных органаў. Таму скаргі на выдаваныя імі нарматыўныя акты павінныя падавацца ў мясцовыя суды.

У тэкст Канстытуцыі мэтазгодна ўключыць норму аб тым, што Канстытуцыйны суд (Канстытуцыйны трыбунал) можа разглядаць і іншыя пытанні, аднесеныя да яго кампетэнцыі Канстытуцыяй і законамі.

Якія суб'екты могуць звяртацца ў Канстытуцыйны суд (Канстытуцыйны трыбунал)?

У адпаведнасці з арт.127 Канстытуцыі 1994 г. такім правам надзяляюцца: прэзідэнт; старшыня Вярхоўнага Савета; пастаянныя камісіі Вярхоўнага Савета, не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета; Вярхоўны суд: Вышэйшы гаспадарчы суд; Генеральны пракурор.

Відавочна, чым дэмакратычнейшая дзяржава, тым большая колькасць суб'ектаў можа прыцягвацца да ўдзелу ў ажыццяўленні канстытуцыйнага правасуддзя. Таму ў дадзены спіс (акрамя прэзідэнта, пасада якога касуецца) прапануецца ўключыць наступных суб'ектаў: урад; упаўнаважанага па правах чалавека; органы мясцовага самакіравання ў выглядзе мясцовых саветаў дэпутатаў; палітычныя партыі і іншыя рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні, а таксама грамадзян (пры выкананні пэўных умоваў) .

Што да права Канстытуцыйнага суда паводле свайго меркавання разгледзець пытанне аб канстытуцыйнасці нарматыўных актаў (частка 2 артыкула 127 Канстытуцыі), то ў новых умовах ад гэтага права варта адмовіцца.

У мэтах эканоміі дзяржаўных сродкаў можна абмеркаваць пытанне пра памяншэнне колькасці чальцоў суда (трыбунала) з 11 да 9.

З улікам еўрапейскага досведу канстытуцыйнага правасуддзя нам варта адмовіцца ад практыкі пераабрання канстытуцыйных суддзяў на другі і наступныя тэрміны. Дастаткова аднаразовага абрання на 11-гадовы тэрмін. У той жа час можна павялічыць узрост для знаходжання на пасадзе суддзі (з 60 да 65 гадоў).

Пракуратура Рэспублікі Беларусь

У цяперашні час пракуратура з органа нагляду за дакладным і аднолькавым выкананнем законаў ператварылася ў орган нагляду за выкананнем галоўным чынам «дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных актаў...» (арт.125 новай рэдакцыі Канстытуцыі).

Генеральны пракурор, з адступленнем ад палажэнняў Канстытуцыі 1994 г. (п.7 арт.83), прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады прэзідэнтам.

У новых умовах неабходна не проста аднавіць месца і ролю пракуратуры ў сістэме органаў дзяржаўнай улады, але і ўдакладніць яе канстытуцыйна-прававы статус. Пры гэтым варта зыходзіць з таго, што ў дэмакратычнай дзяржаве пракуратура не павінная быць "вокам гасударавым», гэта значыць наглядаць за ўсім.

У сувязі з гэтым з тэксту Канстытуцыі 1994 г. варта выключыць частку 1 артыкула 133, у якой гаворыцца аб ажыццяўленні органамі пракуратуры так званага агульнага нагляду (за міністэрствамі і іншымі падпарадкаванымі ўраду органамі, мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі, грамадскімі аб'яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі).

Вызваленне пракуратуры ад гэтай аб'ёмнай функцыі дазволіць ёй засяродзіць намаганні на забяспечанні законнасці падчас расследавання злачынстваў, падтрымання дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе, выканання крымінальных пакаранняў.

Акрамя таго, прапануецца ў складзе пракуратуры Рэспублікі Беларусь на правах самастойнага кіравання стварыць Следчы камітэт, прызначаны для правядзення папярэдняга следства па крымінальных справах (дазнанне застанецца формай расследавання па справах аб менш небяспечных злачынствах).

Сумяшчэнне функцый пракуратуры і папярэдняга следства ў рамках аднаго ведамства ўяўляецца магчымым. Следчаму камітэту і яго тэрытарыяльным органам будзе забяспечаная неабходная арганізацыйная і працэсуальная самастойнасць. Пракуроры будуць ажыццяўляць толькі нагляд за законнасцю папярэдняга следства (выдача санкцый на заключэнне пад варту стане прэрагатывай суда).

Стварэнне Следчага камітэта як асобнага ведамства, што мы назіраем цяпер, уяўляецца неапраўданым марнатраўствам. Яно пацягнула за сабой значнае павелічэнне штатаў службоўцаў і аддзяленне Следчага камітэта ад іншых праваахоўных органаў.

Апошняя частка раздзела «Пракуратура» можа застацца ў ранейшай рэдакцыі. Адпаведныя змены і дапаўненні неабходна ўнесці ў Закон аб пракуратуры ад 29 студзеня 1993 г.

Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь

Як вышэй адзначалася, пасля лістападаўскага (1996 г.) рэферэндуму разам з Вярхоўным Саветам 13-га склікання была распушчаная і ўтвораная пры ім Кантрольная палата.

Замест Кантрольнай палаты быў створаны Камітэт дзяржаўнага кантролю. Яго дзейнасць рэгулявалася раздзелам 8 новай рэдакцыі Канстытуцыі, а таксама шэрагам прэзідэнцкіх актаў. 9 снежня 2000 г. быў прыняты Закон «Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» (са зменамі і дапаўненнямі).

Як запісана ў арт.129 новай рэдакцыі Канстытуцыі, Камітэт дзяржаўнага кантролю ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем актаў прэзідэнта, парламента, урада і іншых дзяржаўных органаў, якія рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарання, фінансавыя і падатковыя адносіны.

З часам штаты гэтага кантрольнага органа настолькі павялічыліся, што ахапілі ўсе рэгіёны краіны. Пашырыліся таксама яго паўнамоцтвы, уключаючы разнастайныя віды дзейнасці, у тым ліку аператыўныя, следчыя, адміністрацыйныя.

Аднаўленне Канстытуцыі 1994 г. прадугледжвае аднаўленне дзейнасці Кантрольнай палаты Рэспублікі Беларусь на аснове адпаведнага Закона ад 13 сакавіка 1992 г. (са зменамі і дапаўненнямі).

Упаўнаважаны Рэспублікі Беларусь па правах чалавека

З мэтай узмацнення абароны правоў і свабодаў грамадзян прапануецца ўвесці пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека. Для гэтага частку VI Канстытуцыі 1994 г. варта дапоўніць раздзелам 8.1 «Упаўнаважаны Рэспублікі Беларусь па правах чалавека».

Інстытут упаўнаважанага па правах чалавека, або амбудсмена, функцыянуе ў многіх краінах свету і даказаў сваю значнасць у абароне правоў і свабодаў чалавека.

Розныя віды амбудсменаў ёсць у Швецыі, Даніі, Нарвегіі, Іспаніі, Партугаліі, Бельгіі, Італіі, Францыі, Кіпры.

У краінах Усходняй Еўропы пасада ўпаўнаважанага па правах чалавека раней за ўсіх з'явілася ў Польшчы (1988), затым - у Венгрыі (1999).

У рэспубліках былога Савецкага Саюза інстытут упаўнаважанага па правах чалавека быў заснаваны пасля здабыцця дзяржаўнай незалежнасці. Цяпер гэтая пасада ёсць у Літве, Малдове, Расіі, Украіне, Грузіі, Азербайджане, Арменіі.

У Беларусі рабілася некалькі спробаў прыняць закон аб упаўнаважаным па правах чалавека (у пачатку 90-х і ў 2000 годзе). З розных прычынаў законапраекты не былі прынятыя.

На канстытуцыйным узроўні прапануецца замацаваць асноўныя палажэнні гэтага інстытута: яго прызначэнне; парадак і тэрмін абрання; паўнамоцтвы; формы дзейнасці; гарантыі недатыкальнасці.

Так, упаўнаважаны па правах чалавека можа мець наступныя паўнамоцтвы:

1) запытваць і атрымліваць ад дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, кіраўнікоў прадпрыемстваў, установаў і арганізацый дакументы і матэрыялы, неабходныя для разгляду скаргі,;

2) атрымліваць тлумачэнні ад службовых і іншых асоб у час разглядаў скаргаў;

3) з мэтамі разгляду скаргі наведваць дзяржаўныя органы, вайсковыя часткі, месцы папярэдняга зняволення, адбывання крымінальных пакаранняў, іншыя ўстановы і арганізацыі адкрытага і закрытага тыпу;

4) выносіць заключэнне па сутнасці скаргі і прапаноўваць дзяржаўным органам, органам мясцовага самакіравання, кіраўнікам прадпрыемстваў, установаў і арганізацый аднавіць грамадзяніна (арганізацыю) у парушаных правах;

5) звяртацца ў суд і іншыя дзяржаўныя органы з заявамі ў абарону парушаных правоў і свабодаў грамадзяніна (арганізацыі);

6) удзельнічаць у судовым працэсе асабіста або праз свайго прадстаўніка;

7) звяртацца ў Канстытуцыйны суд (Канстытуцыйны трыбунал) з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія парушаюць правы і свабоды грамадзянін, правы і законныя інтарэсы палітычных партый ці іншых грамадскіх аб'яднанняў;

8) у выпадку масавых або грубых парушэнняў правоў грамадзян звяртацца ў Сейм з прапановай аб правядзенні парламенцкіх слуханняў або аб стварэнні парламенцкай камісіі па расследаванні фактаў парушэння правоў і свабодаў грамадзян.

Па заканчэнні каляндарнага года ўпаўнаважаны па правах чалавека на падставе разгледжаных матэрыялаў павінен рыхтаваць даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, які падлягае абмеркаванню на сесіі парламента.

Упаўнаважаны па правах чалавека можа мець і іншыя паўнамоцтвы, дадзеныя яму законам.

На пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека маюць права прэтэндаваць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія атрымалі вядомасць у сферы праваабарончай дзейнасці, маюць высокія маральныя якасці і дасягнулі пэўнага ўзросту (напрыклад, 40 гадоў).

Для забяспечання дзейнасці ўпаўнаважанага па правах чалавека павінныя быць створаныя належныя ўмовы, а яго незалежнасць - гарантаваная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?