З пошты Рэдакцыі [email protected].

Мы звыкла называем сабе дэмакратамі, выяўляючы ў гэтым тэрміне сваё стаўленьне да дэмакратычных нормаў, правоў чалавека, свабоды слова й г.д. пры гэтым адыходзячы ад буквальнага значэньня тэрміну.Мы настолькі засяроджаныя на змаганьні за волю народа, што ня заўважылі абыякавасьці гэтага народу да ўласнае волі.Трэба сур’ёзна задумацца пра тое, ці ня абыякавы народ да парушэньня ягоных правоў, і ці асэнсоўвае ён увогуле гэтае парушэньне?

Я кажу ня пра слабую йнфармаванасьць насельніцтва (што натуральна), але менавіта пра стаўленьне да йнфармацыі. Калі абмяркоўваюцца прычыны нізкай палітычнай актыўнасьці шэраговага працаўніка, звычайна гавораць пра неінфармаванасьць.Але хто можа сказаць, што народ ня йнфармаваны пра неадпаведнасьць свайго ўзроўню забяспечанасьці сваем жа пажаданьням? Хто ў нашай краіне ня ведае пра тое, што з дзяржаўных СМІ немагчыма даведацца пра рэальныя абставіны? Хто верыць у пазітыўны ймідж міліцыі? Справа ня ў няінфармаванасьці, і гэта відавочна. Справа ў незацікаўленасьці ў аб’ектыўнай інфармацыі (з прычыны яе дэпрэсіўнасьці) і ў псіхалягічных бар’ерах на шляху разуменьня ненармальнасьці йснаваньня ў ненармальнай рэчаіснасьці,стварэньнем якіх мэтанакіравана займалася й займаецца дзяржава.

Тыповы прыклад — у фільме «Плошча» – людзі ведаюць, што ўсё дрэнна, але НЯ ХОЧУЦЬ ведаць, чаму. Дзяржава, у якой мы жывем абавязвае да йгнараваньня відавочных фактаў дзеля захаваньня мэнтальнай раўнавагі, незважаючы на тое, што раўнавагай такі стан (пры якім прасьцейшыя выказваньні ня складаюць сілагізму, але дапаўняюцца йншымі, неабходнымі для стварэньня кола) назваць немагчыма.

70 гадоў людзі жымі ў ненармальнай краіне й адбыўся цуд — яны павералі, што гэтая ненармальнасьць прыдатная да йснаваньня.Склаліся стэрэатыпы дзяржавы як суб’екту й грамадзяніна як аб’екта катаваньняў, зь якіх і вынікае неразуменьне незадаволенай часткі грамадзтва (а ў цяперашняй сітуацыі — нас).

Настае пара вярнуцца да пачатку: кім мусяць быць дэмакраты (як абаронцы волі народу) у таталітарнай краіне (замбаваныя граамадзяне якой, ведаючы пра рэпрэсіўнасьць як нармальны стан дзяржавы прагнуць ня канца рэпрэсіяў, але адмежаваньне ад іх празь пасіўнасьць, «не‑звяртаньне‑увагі» і згодніцтва)? Правы чалавека ў такой краіне, абмяжоўваюцца правам на спакойнае жыцьцё на мяжы галечы; свабода слова абмяжоўваецца колам сяброў і сваякоў (бо гэта цалкам легальна — кажы што хачаш і аніхто анічога табе ня зробіць — навошта на плошчы хадзіць); свабода волі абмяжоўваецца таталітарным заканадаўствам і г.д. Назіраць гэты феномен прыстасаваньня да йснуючых умоваў мы можам, перш за ўсё, на ўласным вопыце: мы ўжо 13 год ходзім на бязвыніковыя мітынгі, чакаем (няхай і актыўна — са стварэньнем кааліцый, распаўсюджваньнем інфармацыі й г.д.) безвыніковых выбараў, з пагаршэньнем сітуацыі пераходзім у падпольле.

Абсурдна, але факт — мы змагаемся з дыктатурай па правілах той жа самай дыктатуры. Зараз мы чакаем наступных выбараў, але што зь імі зьменіцца? Мы разумеем, што з цяперашняй сітуацыяй дэмакратычныя выбары ня змогуць адбыцца, але чакаем абы‑якіх. Хто ведае, можа Захад паставіцца больш рашуча? Ці зменіцца ў дэмакратычны бок улада ў Маскве й наш дэмакратычны кандыдат знойдзе нечаканую падтрымку?

Трэба задумацца, якія нашыя мэты, і якіх дзеяньняў гэтыя мэты вымагаюць.Магчымы наступны варыянт адказу на гэтыя пытаньні:

Мэта‑змаганьне з дыктатурай за дэмакратыю. Сродкі — легальныя й напаўлегальныя. Мы ходзім на мітынгі, чакаем выбараў, распаўсюджваем інфармацыю, сядзім у турмах, пытаем Захад аб падтрымцы паросткаў дэмактатыі. Крарцей — пакутуем на вачах усяго сьвету. Але ці настолькі слабыя аналітычныя здольнасьці мы маем? Ці ня хапіла нам 13‑ці год парушэньня дзяржавай ўсіх магчымых й немагчымых законаў; столькіх рэферэндумаў і выбараў, што іх цяжка падлічыць, дзеля асэнсаваньня безвыніковасьці гэтага шляху? Сапраўды, якія мы маем надзеі? Захад? Але што павінна яшчэ адбыцца дзеля таго, каб Захад стаў актыўнейшы? Захад бачыў, як змянялі нашу Канстытуцыю, як нас збівалі й саджалі, як зьнікалі людзі, як адбываліся нашыя выбары (не гаворачы ўжо нават пра сумную вядомасьць ў міжнародных стасунках). Што такога прынцыпова новага можа адбыцца, што прымусіць Захад паставіць кропку? Масква? Наўрад ці варта ўвогуле згадваць гэтую крыніцу «дэмакратызацыі». А можа дэмакратычная Ўкраіна нам пашле перасоўны Майдан, разабраўшыся з уласнымі праблемамі?

Народ? Народ трывае ўжо колькі гадоў і ня выказвае сымптомаў скрайняй незадаволенасьці.

Зноў звернемся да пытаньня пра сутнасьць дэмакратыі. Падаецца слушным наступны адказ: першае, што мы мусім рабіць (з позіркам на накоплены вопыт) — МЯНЯЦЬ разуменьне насельніцтвам словаў «дзяржава», «закон», «грамадзянін», «парадак», «міліцыя»,»свабода» й г.д. і пачаць трэба з саміх сабе. Трэба паставіць пытаньне, што для нас значаць гэтыя словы й параўнаць сваю дэфініцыю з аб’ектыўнай рэальнасьцю. Толькі празь асэнсаваньне ненармальнасьці нашай рэчаіснасьці мы зможам прыйсьці да разуменьня шляхоў яе выпраўленьня. Пастаноўка гэтых пытаньняў значыць адмову ад безсэнсоўнага ілюстраваньня таталітарнай сутнасьці краіны (бо адказ натуральны ‑»цябе рэпрэсуюць, бо ты супраць. Я ня супраць і жыву нармальна») і пераход да спробаў ламаньня (зразумела, ня лёгкага) псіхалягічных бар’ераў. Гэты шлях вымагае таксама стварэньня цэласнай (г.зн. улічваючай патрэбы ўсіх слаёў насельніцтва але ня толькі інтэлігенцыі), закрытай для таталітарнага мысьленьня культурнай прасторы — такой, дзе чалавек пачуваўся б натуральна ў сваёй беларускасьці (што зьяўляецца вялікай праблемай — ты можаш размаўляць па беларуску, але ня можаш пры гэтым быць нармальнай часткай таталітарнага грамадзтва) й дэмакратычнасьці (спадарства, хопіць шукаць ворагаў!).

Гэта значыць наўпрострэалізацыю тых магчымасьцяў (адукацыя па‑за дзяржаўнымі ўстановамі, самаінфармаваньне й г.д.), якія мы маем і байкатаваньне іх (далёка ня якасных) аналягаў. Гэты шлях ня хуткі, але ён вядзе да ізаляцыі дзяржавы ў сабе й сьмешнасьці яе. Да таго ж ці хуткія йншыя шляхі?

Зразумела, што я прапаную ня адмову ад актыўнага супраціву, але рэалізацыю й той працы, займацца якой нам усё роўна калісьці прыйдзецца, бо ня спадзяемся жа мы на цуд магічнага пераўтварэньня таталітарнай сьвядомасьці й культурнай прасторы ў дэмакратычную за адно ймгненьне?

Дарэчы, дэмакратыя можа такой называцца толькі калі выконвае, але ня падпарадкоўвае волю (большасьці) народу.

Рэд. Нагадваем чытачам, што мы не рэдагуем стыль і правапіс лістоў, што трапляюць у рубрыкі «Народныя навіны» і «Пошта Рэдакцыі».

Э-адрас, празь які ў Рэдакцыю можна дасылаць Народныя навіны: [email protected].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?