Актывісты руху за адмену кантрактнай сістэмы найму ў Беларусі падалі заяўку ў Мінгарвыканкам на збор ініцыятыўнай групы на адкрытым паветры. Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

Паводле яго слоў, раней ініцыятары акцыі планавалі правесці сход у памяшканні. «Мы падавалі заяўкі на правядзенне сходу ў Палацы культуры Мінскага аўтазавода, трактарнага завода, шмат куды. Але ўсюды нам было адмоўлена. Таму 15 красавіка мы плануем сабрацца або на плошчы Бангалор, або ў парку імя 50‑годдзя Кастрычніка ў Мінску і сфармаваць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за адмену кантрактнай сістэмы ў Беларусі», — сказаў Г.Фядыніч.

Як паведаміў прафсаюзны лідэр, ініцыятыўная група практычна сфармаваная. «Мы маем намер сабраць больш за 50 тысяч подпісаў за ўнясенне змяненняў у заканадаўства аб працы з мэтай абмежаваць прымяненне кантрактнай сістэмы найму ў Беларусі. Пяцьдзесят тысяч — гэта неабходная колькасць подпісаў для таго, каб ініцыяваць разгляд гэтага пытання ў Палаце прадстаўнікоў. Думаю, ніякіх праблем са зборам подпісаў не будзе, таму што вельмі шмат людзей не прымаюць сістэму кароткатэрміновых кантрактаў», — лічыць Г.Фядыніч.

Паводле яго слоў, ініцыятары збору подпісаў ужо правялі неабходныя кансультацыі з Цэнтрвыбаркамам Беларусі, дзе ім растлумачылі, як павінны быць аформлены гэтыя подпісы.

Адказ на пададзеную заяўку Мінгарвыканкам павінен даць к 14.00 11 красавіка. «Я не бачу прычын, з‑за якіх нам можа быць адмоўлена», — заявіў Г.Фядыніч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?