Маці пакаранага за саўдзел у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва працягвае беспаспяхова дамагацца ад Камітэта дзяржбяспекі інфармацыі пра лёс запісаў сына, патрабуючы перадачы ёй іх, як таго жадаў Уладзіслаў. Зараз да гэтага яна мае намер падключыць Генеральную пракуратуру.

Як паведаміла Любоў Кавалёва, 29 красавіка яна пісьмова звярталася да начальніка СІЗА КДБ, спрабуючы высветліць, дзе знаходзяцца запісы. Двойчы — 4 чэрвеня і 13 ліпеня — да старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. «Ні на адзін са зваротаў пісьмовага адказу я не атрымала», — канстатавала Кавалёва.

Таму 31 жніўня яна накіравала замоўленым лістом скаргу на імя генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, бо, паводле слоў Кавалёвай, «у адпаведнасці з артыкулам 125 Канстытуцыі генпракурор ажыццяўляе вышэйшы нагляд за выкананнем законнасці ў краіне».

«Я дамагаюся выканання ў адносінах да мяне артыкула 40 Канстытуцыі. Яны павінны даваць мне адказы. Аднак генерал Зайцаў ігнаруе Канстытуцыю. КДБ у асобе Зайцава быў абавязаны разгледзець мой зварот і даць адказ у тэрмін. Нават адмова ад разгляду заявы павінна быць пісьмова матываваная», — заявіла Кавалёва.

У артыкуле 40 Канстытуцыі гаворыцца: «Кожны мае права накіроўваць асабістыя ці калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай».

«Запісы сына, зробленыя ў судзе і падчас сустрэч з адвакатам, не ўтрымліваюць дзяржаўнай тайны, яны былі абвешчаны ў судзе. Аднак жоўтая папка, у якой яны знаходзіліся, мне была перададзена пустой», — канстатавала Кавалёва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?