1 верасня 2012 года спыняецца выпуск у абарачэнне банкнот Нацыянальнага банка наміналам 10 і 20 рублёў узору 2000 года.

Такое рашэнне прынята «з мэтай скарачэння дзяржаўных расходаў на іх выраб, немэтазгоднасцю далейшага выкарыстання ў наяўным грашовым абарачэнні», гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

Банкноты наміналам 10 і 20 рублёў узору 2000 года будуць заставацца ў абарачэнні да 28 лютага 2013 года і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без абмежаванняў.

Паведамляецца таксама, што абмен названых банкнот можна ажыццявіць без абмежаванняў і без збірання камісійнага ўзнагароджання ў любой суме, кратнай 50 рублям: з 1 сакавіка 2013 года па 30 верасня 2013 года ўключна — у Нацбанку і банках краіны, а з 1 кастрычніка 2013 года па 31 сакавіка 2014 года ўключна — у Нацбанку.

1 красавіка 2014 года гэтыя банкноты будуць выключаны з абарачэння і будуць лічыцца несапраўднымі, падкрэсліваюць у Нацыянальным банку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0