1 верасня тарыфная стаўка першага разраду ў Беларусі павышана з 210 тысяч да 225 тысяч рублёў (на 7%). Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 769 ад 20 жніўня.

Тарыфная стаўка прымяняецца для разліку заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы. Гэта ўжо трэцяе сёлета павышэнне: раней стаўка павышалася 1 студзеня (да 200 тысяч рублёў) і 1 мая (да 210 тысяч).

Пастановай урада таксама ўстаноўлены карэкціруючыя каэфіцыенты да разлічаных па Адзінай тарыфнай сетцы работнікаў Рэспублікі Беларусь тарыфных ставак (акладаў) работнікаў бюджэтных арганізацый, якія тарыфікуюцца 1–27 разрадамі, у памерах 3,50–1,00.

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова патрабаваў ад урада давесці да канца 2012 года сярэдні заробак у краіне да ўзроўню не менш чым 500 долараў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў: павышэнне зарплат было эканамічна абгрунтаваным.

Аднак, як вынікае з аналітычнага даклада аб выкананні найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, апублікаванага на гэтым тыдні Міністэрствам эканомікі, у першым паўгоддзі рост прадукцыйнасці працы ў Беларусі адставаў ад тэмпаў росту рэальнай зарплаты на 2,2%.

«Пастаянны рост рэальнай заработнай платы сёлета пры адносным захаванні ўзроўню прадукцыйнасці працы прывёў не толькі да паступовага скарачэння разрыву паміж іх узроўнямі, але і да парушэння важнай эканамічнай прапорцыі — перавышэння тэмпаў росту рэальнай заработнай платы над тэмпам росту прадукцыйнасці працы», — адзначаюць у Мінэканомікі.

Незалежныя аналітыкі неаднаразова заяўлялі аб неабгрунтаванасці росту зарплат і расцэньваюць чарговае павышэнне тарыфнай стаўкі як папулісцкую меру напярэдадні парламенцкіх выбараў.

Міжнародны валютны фонд у сваім заключэнні па выніках апошняга маніторынгу сітуацыі ў Беларусі адзначаў: «Імкненне да дасягнення высокіх паказчыкаў эканамічнага росту і заработнай платы можа выклікаць новы віток раскручвання інфляцыі і дэвальвацыі і стварыць пагрозу сярэднетэрміновай устойлівасці бюджэту і доўгу».

Паводле звестак Белстата, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў бюджэтных арганізацыях Беларусі ў першым паўгоддзі склала 2 млн. 764,2 тыс. рублёў, у тым ліку ў чэрвені — 3 млн. 84,9 тыс. рублёў. У параўнанні з маем чэрвеньская зарплата павялічылася на 4,7% (на 138,4 тыс. рублёў). Рэальная зарплата ў першым паўгоддзі гэтага года павялічылася на 5,6% у параўнанні з такім жа леташнім перыядам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?