Лукашэнка заклікае не спяшацца «ўсё раздаць іншаземцам» — «паглядзець на сваіх» інвестараў

Аляксандр Лукашэнка лічыць прыцягненне ўнутраных інвестыцый у эканоміку не менш важным, чым прыход у краіну замежных інвестараў. Аб гэтым ён заявіў 1 верасня, адказваючы на пытанні журналістаў падчас наведвання факультэта міжнародных адносін БДУ.

«Для таго каб Беларусь была больш прывабнай для замежных інвестараў, мы ўжо нічога больш не зробім.
Наўрад ці штосьці нам і трэба рабіць. Мы стварылі ідэальныя ўмовы для інвестараў. Сёння галоўнае ўжо нават не падаткі і гэтак далей. Галоўнае — спакой, стабільнасць у краіне, магчымасць укласці грошы і займацца бізнесам».

На думку афіцыйнага лідара, важна прыцягваць не толькі замежныя, але і ўнутраныя інвестыцыі. «Тое, што інвестуюць іншаземцы, — гэта добра. Але не забывайце, што прыбытак не наш. Яны інвеставалі, выкарысталі нашу зямлю, рэсурсы, асабліва працоўныя, штосьці нам тут заплацілі і ўвесь прыбытак вывезлі. Мы гэтаму не перашкаджаем», — заўважыў Лукашэнка.

У той жа час, дадаў ён, у Беларусі сёння «значна больш унутраных інвестыцый» — за кошт дынамікі росту прыбытку прадпрымальнікаў, дзяржпрадпрыемстваў, бюджэтных сродкаў. «Таму давайце не будзем пасыпаць галаву попелам і спяшацца ўсё раздаць іншаземцам. Давайце паглядзім на сваіх, шмат такіх», — заклікаў Лукашэнка.

«Другія — гэта расіяне. Прыстойныя расіяне. Непрыстойныя проста сюды не пойдуць.

Яны ведаюць маё стаўленне да гэтага, палітыку. А прыстойных таксама дастаткова», — адзначыў ён.

Інвестыцыі — гэта мадэрнізацыя, будаўніцтва, падкрэсліў Лукашэнка. «Скажу шчыра, мы ўжо з цяжкасцю праглынаем тыя ўнутраныя і знешнія інвестыцыі, якія сёння ёсць. У нас не хапае ні будаўнікоў, ні іншых спецыялістаў, каб усё гэта перамалоць», — сказаў ён.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, для развіцця асобных найбольш перспектыўных кірункаў трэба надаваць увагу прыцягненню інвестыцый.
У якасці прыкладу ён прывёў праект па стварэнні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка ў Смалявічах, куды, паводле яго слоў, будуць прыцягвацца самыя перадавыя кампанія свету.

«Але яшчэ раз падкрэсліваю: я прыхільнік таго, каб нашы грамадзяне, якія маюць грашовыя сродкі, нашы прадпрыемствы, дзяржава перш за ўсё, інвеставала. А потым ужо — іншаземцы. Калі іншаземец прыходзіць, ён выбірае самае лепшае з гэтага пірага. Таму мы вельмі акуратна да гэтага падыходзім і асабліва не перажываем», — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?