3 верасня беларускаму пісьменніку, крытыку, літаратуразнаўцу, грамадскаму дзеячу, доктару філалогіі, прафесару, чальцу-карэспандэнту Нацыянальнай Акадэміі навук, дырэктару Інстытута кінамастацтва ў Маскве, Народнаму дэпутату СССР Алесю Адамовічу споўнілася б 85.

Ніякіх урачыстасцяў у гэты дзень не ладзіцца
ні ў Мінску, дзе ён жыў і працаваў, ні на Капыльшчыне ў вёсцы Канюхі, дзе нарадзіўся, ні ў мястэчку Глуша на Бабруйшчыне, дзе пахаваны.
Пятнаццацігадовым хлапчуком ён пайшоў у партызаны, а праз дваццаць гадоў напісаў пра гэта аўтабіяграфічныя аповесці «Вайна пад стрэхамі» ды «Сыны ідуць у бой».
Саракагадовым пасьпяховым акадэмічным навукоўцам ён зразумеў сілу кінематографу ды спасціг гэтае мастацтва не толькі на ўзроўні ўласных сцэнараў для нашумелых потым стужак («Я з вогненнай вёскі», «Ідзі і глядзі», «Хатынская аповесць» ды іншых), але стаў дырэктарам Інстытуту кінамастацтва ў Маскве.
Шасцідзесяцігадовым ён першы забіў трывогу пра бяду, якая спасцігла беларусаў пасля чарнобыльскай катастрофы.
А праз сем гадоў памёр, адстойваючы дэмакратыю і свабоду на ўсіх даступных друкаваных старонках ды з самых розных трыбун.
Пасля яго засталося 17 літаратуразнаўчых, публіцыстычных і мастацкіх кніг, пяць кінафільмаў ды безліч артыкулаў,
у якіх ён спрабаваў абудзіць гуманістычныя ідэалы і пачуцці дабрыні.

Ці ўся творчая спадчына Алеся Адамовіча надрукаваная? Яе захавальніца — дачка Натальля сабрала і выдала ў 2006 годзе тэматычны том «Імя гэтай зорцы Чарнобыль», у які ўвайшоў аднайменны кінасцэнар. Цяпер яна хоча выдаць асобнымі кнігамі іншыя часопісныя публікацыі: «Гэта аповесьць „Vixi“ —ужо ўсе яе ведаюць па часопісным варыянце. Пасля фільма і спектакля публіка звярнула ўвагу на аповесць „Нямко“. Ну, а "Венера, ці як я быў прыгоннікам" — яна амаль нікому не вядомая. Вось гэтыя аповесці мне б хацелася даць кнігай. І яшчэ "Падарожжа з Мінска ў Маскву" ды іншыя публіцыстычныя нататкі таксама хачу выдаць асобнай кнігай».

Згаданыя аповесці выдаваліся дзесяць гадоў таму на грамадскіх асновах, але мізэрны наклад зрабіў кнігу незаўважнай для чытача.

У архіве Алеся Адамовіча захоўваецца больш за сотню нататнікаў, у якіх між іншага засталася ў накідах і задума аповесці «Краіна, якой не шкада».
Гэта меўся быць твор пра краіну, якой не шкада дзеля эксперыменту. Здагадацца, як яна завецца, няцяжка. Гэтыя ды іншыя няздзейсненыя творчыя мары ды таямніцы Алеся Адамовіча добра ведае даследчык ягонай спадчыны прафесар Міхась Тычына. Якога, між іншым, сёння ў апошні момант перадумалі запрашаць у эфір беларускага тэлебачання.

«Планавалася, што на тэлебачанні хвіліну ці дзве выкажуся, а потым усё гэта чамусьці нічым скончылася».

Увогуле ніякіх пашанотных імпрэзаў з нагоды восемдзесят пятага дня народзінаў Алеся Адамовіча ня ладзіцца ні ў Мінску, ні на ягонай радзіме, ні там, дзе ён рос, сталеў і дзе пахаваны. Праз васямнаццаць гадоў пасля смерці пісьменніка не створаны ягоны музей, не пастаўлены помнік, няма мемарыяльных шыльдаў на дамах у Глушы і Мінску, дзе ён жыў. Ёсць толькі дзве караценькія вулкі, якія носяць ягонае імя, — адна ў мястэчку Глуша, а другая ў мінскім прадмесці Калодзішчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?